Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 23

Таццяна Мушынская

Частка восьмая

Без сонца

Так прабегла, адгаманіла, адшчыравала лета. Адшчыравала сонцам, ветрам, яркімі фарбамі кветак. На пачатку сухога, гарачага жніўня, калі ў кронах ліп з’явіліся, нібы першыя сівыя валасы, пасмы жоўтага лісця, Маэстра мусіў ехаць у камандзіроўку. За мяжу, амаль на цэлы месяц. Вандроўка была запланавана даўно, калі яны яшчэ і не пачыналі сустракацца, адмовіцца ці адмяніць яе не было магчымасці. Надзі вельмі не хацелася, каб ён з’язджаў, нібы прадчувала: тое, што іх яднала, ужо не вернецца. Разам з летняй шчодрасцю і буяннем кветак штосьці непапраўна знікне.

Маэстра паехаў. Праз некалькі дзён пачаліся праліўныя дажджы. Надвор’е сапсавалася, пахаладнела, і бабуля з унукам, счакаўшы некалькі дзён на лецішчы, вярнуліся ў горад.

Час ад часу Маэстра тэлефанаваў. Радзей, як таго хацела Надзя, але як толькі ўдавалася. Нечакана ў яе аказалася шмат вольнага часу. Заняткі ў вучэльні яшчэ не пачыналіся, філарманічны сезон павінен быў адкрыцца толькі ў сярэдзіне верасня. Знаёмыя з’ехалі з горада – хто ў вёску, хто на лецішча. Каб неяк заняць час, Надзя прымусіла сябе заняцца празаічнай, але неабходнай справай, закатваннем слоікаў з гуркамі, памідорамі, кабачкамі і тым, што прывозіла з лецішча маці.

Наступны раз, калі цікаўныя журналісты спытаюць пра хобі, яна адкажа: «Закатваць слоікі ў разгар сезона. Не канцэртнага, а дачнага…» Калі спытаюць, пра што яна марыць як спявачка, якія ў яе творчыя планы, адказ таксама напрошваецца сам: «Закатаць як мага больш слоікаў, каб сям’і хапіла ўсяго на ўсю зіму». Што зробіш, калі спевамі немагчыма зарабіць на жыццё. «Зялёныя» з апошняй замежнай вандроўкі даўно скончыліся, прынесеныя Алегам у чэрвені беларускія грошы – таксама.

Надзя ўключыла на кухні плэер, каб сумясціць прыемнае з карысным, начапіла навушнікі і пачала наразаць гародніну. Каляндар знаходзіўся якраз перад вачыма. Па некалькі разоў на дзень Надзя падлічвала па ім, колькі ж засталося да вяртання Маэстра. I штораз дзівілася, што час рушыў так марудна. Жыццё ішло па звыклым раскладзе. Але з дня ў дзень прыходзіла і рабілася ўсё мацнейшым перакананне, што рэчаіснасць вакол прывідная, ілюзорная. I абсалютна бессэнсоўная.

* * *

Надышоў верасень. У Алесіка ў школе пачаўся навучальны год, калі Маэстра нарэшце вярнуўся. Надзінай радасці не было мяжы. Ізноў яна не хадзіла па зямлі, а лётала ў прасторы. Але штосьці незразумелым чынам змянілася ў іх адносінах. Ці то доўгі перапынак у сустрэчах адыграў ролю, ці галава Маэстра была занятая іншым, але яго званкі рабіліся ўсё радзейшымі, а пра спатканні Надзя наогул забылася. Яна разумела, што гэта зусім не той выпадак, калі слёзы, папрокі ці сцэны могуць даць вынік. Тое, што іх аб’ядноўвала, аказалася надта крохкім і далікатным, і яна баялася неасцярожным словам усё разбурыць.

Надзя адчувала сябе як дзіця, якое страціла надзейную руку маці на вялікім і тлумным вакзале. Вакол усе некуды спяшаюцца, бягуць чужыя, незнаёмыя людзі. I нікому няма справы да дзіцяці з вачыма, поўнымі слёз. Пра свае сардэчныя турботы Надзя не хацела размаўляць з маці. Навошта і такі клопат вешаць на яе? Ёй і так хапае – з Алесікам, з іншымі унукамі, дзецьмі меншага сына.