Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 22

Таццяна Мушынская

Надышоў ліпень. У Надзі пачаўся адпачынак. I яны з Маэстра часта з’язджалі за горад. Далей ад гарадскога тлуму.

Спыніліся на ўскраіне лесу, там, дзе скончыўся сасновы гушчар і раскідзістыя дрэвы стаялі на высокім беразе ракі. Вецер паціху гойдае вершаліны соснаў, настойліва і манатонна гудуць пчолы. Пахне разагрэтай за дзень сасновай смалой. Маэстра ляжыць у высокай траве, падклаўшы рукі пад галаву, і пра штосьці думае, а Надзя ціха напявае і збірае пад дрэвамі буйныя і спелыя чырвоныя суніцы. Ягады рассыпаны густа-густа ў нагрэтай за дзень траве. Такога багацця, ды яшчэ на адной паляне, яна не бачыла ніколі ў жыцці! Нікім не адкрыты, не стаптаны кавалачак зямлі. Абедзве далоні поўныя чырвоных спелых і духмяных ягад. Таму Надзя вяртаецца да Маэстра, становіцца побач на калені.

– Адкрывай рот – усыплю. А то як пачнем перасыпаць з рук у рукі, толькі падушым.

Ён сядзіць у траве, трымаючы ў роце нейкую былінку, і пазірае на Надзю.

– Ну што ты глядзіш? Не глядзі – не ўганяй у чырвань…

Тут, сярод лясной цішыні, удалечыні ад гарадскога тлуму, Маэстра бачыць Надзю нібы ўпершыню. Яму падабаецца і яе вясёлая летняя майка, што не закрывае прыгожыя рукі і такую ж прыгожую шыю, і гэткая ж вясёлая спадніца. Яе доўгія цёмныя валасы, калі села побач, раскруціліся, разбегліся, як вадаспад. Яму падабаюцца Надзіны далоні, якія пахнуць суніцамі. Хіба можна ўстрымацца, каб іх не пацалаваць? Надзіны вусны таксама пахнуць суніцамі. Гарачая хваля жадання нібы ўзнімаецца аднекуль з глыбіні душы, і няма сілы, якая б магла перамагчы і ўтаймаваць гэтую хвалю…

Напэўна, усё гэта сон, які кожнае імгненне можа растаць і знікнуць, і Надзя абавязкова прачнецца. Кінамеханік пад назвай «Жыццё» можа абарваць прагляд гэтага захапляльнага каляровага шматсерыйнага фільма, і крыўдзіцца не будзе на каго.

Надзя бачыць ягоны твар зусім блізка. Вядома, багі могуць час ад часу спускацца на зямлю. Але каб ідэал і кумір знаходзіўся побач? Каб можна было дакрануцца да ягонага твару, кончыкам пальца паўтарыць лінію броваў ці вуснаў?.. Але ў багоў аказваюцца не нябесныя, а зусім зямныя жаданні. Надзі здаецца, што іхнія душы ўздымаюцца ўсё вышэй і вышэй над верхавінамі сосен, над выгінам ракі, над лугам з копамі сена і губляюцца ў бязмежнай сінечы летняга неба.

Потым яны доўга ляжаць у траве, слухаючы, як недалёка ценькае невядомая лясная пічужка, як стомлена, не змаўкаючы, гудуць над палянай пчолы і здаля, ад рэчкі даносяцца радасныя крыкі вясковых дзяцей. Сонечны ліпеньскі дзень здаецца доўгім, як жыццё. І бясконцым, як шчасце.