Читать «Тутэйшыя» онлайн - страница 20
Янка Купала
МІКІТА. Вельмі паважаныя, меджду протчым, мадамы, вельмі паважаныя, меджду протчым, мусьі! Да апошняга часу пролетарыят эксплёатаваў буржуазію. Буржуазія з усіх жыл выбівалася, каб здабыць сабе на чорны дзень якую жменю золата або кусок якога маёнтку, а пролетарыят, меджду протчым, у гэты бок і пальцам не ківаў; усёй работы яго было, што толькі, меджду протчым, працаваў, ды йшчэ за гэтую мізэрную працу цягнуў крывавую капейку з беднай буржуазіі. Буржуазія з кожным днём ад недастаткаў таўсцела — казаў той — расла не ўвышкі, а ўпапярэчкі, меджду протчым, як той гарбуз, а пролетарыят ад роскашы цянеў — казаў той — рос не ўпапярэчкі, а ўвышкі, меджду протчым, як тая тычка. Дзеля таго (
СПІЧЫНІ. Затрымайцеся на мінутку. У сваёй араторыі вы пераблуталі лёгічныя тэрміны, і там, дзе павінна стаяць першае, у вас чамусьці другое, а дзе — другое, там стаіць першае. Ужо я вам казаў, што тэорыя аратарскага мастацтва не любіць, каб выкідалася перад аўдыторыяй тое, што ў вас папраўдзе накіпела на вантробе. Можаце думаць усё, што толькі вам падабаецца, але гаварыць абавязаны толькі тое, што іншым падабаецца. Толькі такім чынам вы зробіце сабе на свабоднай аратарскай профэсіі якследную асэсарскую кар'еру. Цяпер папробуйце сказаць араторыю на тэму: «Рэволюцыйная самадысцыпліна».
МІКІТА. Ша... Шан... Не так... Меджду протчым, мае панечкі і мае паночкі! Рэволюцыйная самадысцыпліна... рэволюцыйная самадысцыпліна... гэта такая, меджду протчым, дысцыпліна, што мае два канцы — то яна ўсіх б'е, то яе ўсе б'юць, бо контррэволюцыйная дысцыпліна не спіць у шапку. 3 гэтае прычыны і рэволюцыйная самадысцыпліна не мае права спаць, меджду протчым, у шапку, бо йначай праспіць усю сваю гаспадарку. Дзеля гэтага (
СПІЧЫНІ. Затрымайцеся. Гэта ў вас выйшла нібы лепей. Цяпер выслухайце маленькія дзве асцярогі: першае — калі ўзыдзеце на трыбуну, то ёмка зачашэце сабе на галаве думку аб тым, пры якой політычнай сытуацыі выступаеце з араторыяй. Другое — найбліжэйшая політычная сытуацыя, пры якой першы раз прыйдзецца выступаць вам публічна, апіраецца на пэўных пляцформах. Дзеля гэтага, перш чымся араторыць, вы павінны выбраць сабе стойкую пляцформу і толькі адну, а не дзве або тры, бо йначай можаце паскаўзнуцца і зваліцца з усіх трох разам.
МІКІТА. Меджду протчым, магу я зысці ўжо, мусье профэсар, з трыбуны?
СПІЧЫНІ. Можаце ўжо зысці, мусье рэгістратар, з трыбуны.
Мікіта зыходзіць.
Ахвяруем цяпер колькі хвілін на тэорытычнае асвятленне некаторых звязаных з аратарствам пытанняў. Вось, напрыклад, як вы сабе разумееце мітынг?
МІКІТА. Мітынг, мусье профэсар, мітынг, меджду протчым, гэта нешта такое, што выдумалі ангельцы для тых, якія нічога не хочуць рабіць, а толькі ходзяць і варон страляюць. Мітынг, меджду протчым, гэта тое самае, што пераліванне з пустога ў парожняе. Мітынг — гэта тое з вушамі таварыства, дзе араторыць буду я, а слухаць будуць яны і крычаць будуць: віват, рэгістратар Зносілов! — калі іх па шэрсці пагладжу, і — далоў, рэгістратар Зносілов! — калі пагладжу іх проці шэрсці, меджду протчым.