Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 6

Ніл Гілевіч

Зазначу, між іншым, што абедзьве мае бабулі былі Альжбеты (а не Лісаветы), і аднак жа абедзьве былі праваслаўныя, а не каталічкі; імёны ж ім дасталіся па мясцовай традыцыі з уніяцкіх часоў; і пасьля гвалтоўнага перагону з уніяцтва ў праваслаўе (1839) у нашым кутку ўсе імёны яшчэ цэлае стагоддзе гучалі як самабытна беларускія, і я іх яшчэ ўсе застаў неперайначанымі, «неабкультуранымі» на казённы расейскі лад. Альжбета, Барбара, Параска, Паўліна, Міхаліна, Анэта, Дарка, Мар’яна, Рыпіна, Луцэя, Ліксандрына, Зося, Марыля, Якуб, Язэп, Тодар (і Хведар), Пётра (і Пятрусь), Ігнась, Тамаш, Дэраш, Зьмітрок, Мікалай, Лёкса, Аніс, Банадысь, Савэль, Юстын, Хвэлька, Несьцер, Карпа,— жыхароў Слабады і Айнаравіч з такімі імёнамі я ведаў асабіста. «Абкультуранымі» ўсе яны аказаліся ўжо на магільных плітах і камянёх, якія прыйшлі ў абрадавы побыт на зьмену драўляным крыжам.

Зусім іншага характару ў параўнаньні з бабуляй Альжбетай быў дзед Мікалай Давыдавіч — энергічны, гаваркі, часам грубаваты на слова і, здаецца, закончаны, стыхійны матэрыяліст-бязбожнік. Ва ўсякім разе мама, помню, казала: «Тата наш у Бога ня верыў, ніколі, ні як быў малады, ні пасьля...» Нараджэньня ён быў 1881 году, г. зн. толькі на год старэйшы за Янку Купалу. Зьвяртаю ўвагу на гэта таму, што як равесьнікі яны маглі быць між сабой знаёмымі,— ужо хаця б па той акалічнасьці, што ў маладосьці мой дзед быў знакаміты на ўсю ваколіцу музыка, граў на вечарынках і на вясельлях, мог бываць разам з Яськам Луцэвічам на кірмашах у той жа Гайне — самым блізкім для абодвух мястэчку... Як шкада, што «мы ленивы и нелюбопытны» — што я не здагадаўся ў свой час распытаць дзеда, ці ведаў ён асабіста Яську Луцэвіча! Апошні раз дзед узяў у рукі гармонік летам 1957 году, у Слабадзе, на вясельлі ўнука-«павэта» («Кацярынін хлапец, Ініл,— павэт, кніжкі піша»), і яшчэ досыць імпэтна сыграў для «маладых» і для гасьцей «вальца» сваёй маладосьці.

Музыка была далёка не адзіным захапленьнем у жыцьці дзеда Мікалая. Зрэшты, у сталым веку хадзіць з гармонікам па вясельлях ён перастаў. Але затое... набыў шмат іншых прафесійных захапленьняў, якія зрабілі яго вельмі вядомым і аўтарытэтным чалавекам у навакольлі. Сталася гэта, праўда, ужо ў першыя савецкія гады і было вынікам вялікіх драматычных падзеяў у яго асабістым лёсе. Рэч у тым, што яго, бацьку чатырох малых дзяцей, забралі на імперыялістычную вайну. Ня ведаю, колькі ён ваяваў, але ў 1915 годзе трапіў у палон і аж тры гады — да канца 1918-га — прабыў як нямецкі палонны ў Германіі. Там яму, можна сказаць, пашанцавала, бо апынуўся ня дзе-небудзь на рудніках, у шахтах, а быў узяты за парабка нейкім багатым баўэрам. За тры гады падсобнага рабочага ў той гаспадарцы, маючы не дурную галаву на плячах, дзед прайшоў адменную, што называецца еўрапейскую, сельскагаспадарчую навуку і, вярнуўшыся ў свае Айнаравічы, стаў выдатным, непераўзыдзеным у навакольлі, садоўнікам, агароднікам, пчаляром, кветкаводам, а ў дадатак яшчэ і галубятнікам — і гэту дзіўнаватую для беларускай вёскі корць ён прывёз з Германіі. Помню з самых малых гадоў, як ён выходзіць з хаты, пяшчотна падасьць галубам голас: вуль-вуль-вуль-вуль-вуль-вуль-вуль!— і яны адусюль — з-пад паветкі, з усіх падстрэшшаў, дзе для іх разьвешаны лазовыя кошыкі, ляцяць да яго, садзяцца яму на плечы, на рукі... Захапленьню майму не было межаў!