Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 4

Ніл Гілевіч

***

Нарадзіўся я 30 верасьня 1931 году, дажджлівым вечарам, у дарозе, побліз вёскі Лагаза — кіламетраў за шэсьць ад роднай Слабады і за столькі ж ад Лагойс­ку, куды вёз маму на падводзе яе стрыечны брат Ліксандар Давідовіч. «Усё, Ліксандарка, не давязеш,— сказала мама,— бяжы хутчэй у Лагазу па бабку...» Ліксандар падагнаў каня бліжэй да магілы чырвонаармейца, які загінуў тут летам 1920-га ў вайне з палякамі, закруціў лейцы за слупок жалезнай абгародкі і паджгаў у Лагазу. Але той, што прасіўся на сьвет божы, чакаць яго вяртаньня з бабкай-павітухай ня стаў, і мама, пад сьцюдзёным асеньнім дажджом, вымушаная была прыняць у сябе роды сама. Перакусіла зубамі пупавіну, перавязала нейкім матузком, загарнула мяне, ахрышчанага самім Усявышнім з неба, у пялёнкі і прытуліла да сэрца. На ўсё жыцьцё. Як і тых траіх, што нарадзіліся да мяне, і як тых шасьцярых, што прыйшлі на сьвет пасьля мяне.

Праз шмат гадоў, калі, будучы дарослым, я прыязджаў з Менску ў Слабаду праведаць родных, дзядзька Ліксандар не ўпускаў выпадку, пад чаркай, вядома, зноў і зноў расказаць мне і прысутным, як яно ўсё ў той верасьнёвы вечар было. «Братка ты мой, якога ты даў тады мне клопату! Пакуль я знайшоў тую бабку — можа, толькі ў пятай хаце, пакуль яна вымыла рукі ды адзелася-абулася... А дождж! А цёмна — хоць пальцам у вока! А гразішча — страшнае! Баба два-тры крокі ступіць і крычыць: «Чакай, чалавеча, апоркі з ног зваліліся!» Дык я тады ёй: «Садзіся, кажу, на плечы, каб ты была здарова!» Узяў яе на плечы — і па гразішчы, па лужах — бягом! Дужы быў! Дваццаць пяць гадоў было. Выбег з вуліцы на дарогу, дапёр яе толькі да маста — і чую: братка ты мой! Ужо ўсё бяз нас зрабілася! Ты ўжо крычыш — на ўсю Лагойшчыну! Ужо гатоў! Каця сама справілася...»

Пазьней, ужо ў старасьці, ён, з увагі на некаторыя акалічнасьці маёй біяграфіі, значна пашырыў маштаб апісанай падзеі і замест «на ўсю Лагойшчыну» гаварыў: «А ты ўжо крычыш, брат,— на ўсю Беларусь! Такая галасіна была — каб толькі ты чуў! На ўсю Беларусь!...»

Дарэчы, тая магіла чырвонаармейца каля Лагазы захавалася, мянялася ўжо металёвая абгародка, а кусты бэзу на ёй здаюцца ўсё тымі самымі — старымі, зьдзічэлымі, вечнымі... Нярэдка, едучы на бацькаўшчыну, я прыпыняюся там, выходжу з машыны — асабліва, калі разам са мною едзе хто-небудзь з сяброў. Якраз насупраць магілы — прыпынак рэйсавых аўтобусаў з Менску і з Лагойску.

Продкі мае, прадзеды-дзяды і па бацькавай і матчынай лініі, наколькі глыбока ўдалося прасачыць іх родавыя карані,— тутэйшыя, з Гаеншчыны. У архівах адшуканы дакументы, якія сьведчаць, што ў першай палавіне XIX ст. у вёсцы Айнаравічы (трансфармаваная назва колішніх Эйнаровічаў — ад імя буйнога землеўладальніка Эйнаровіча) жыў прыгонны селянін Савэль Гілевіч сын Андрэеў. Гэта — мой прапрадзед. Адзін з яго сыноў, Марка, адсяліўся ад бацькі ў Слабаду — невялікую, тады двароў на дваццаць, вёску, за тры вярсты ад Айнаравічаў. Было гэта ў канцы 60-х ці нават трохі пазьней, бо ў сьпісках жыхароў Слабады за 1862 і 1864 гады яго імя яшчэ ня значыцца. Марку, невядома чаму, называлі (дражнілі) на літоўскі лад Маркус. Ён даў пачатак цэлай дынастыі Маркусоў — так называлі яго сына Пётру (майго дзеда), усіх чатырох яго ўнукаў — сыноў Пётры, і ня менш двух дзясяткаў яго праўнукаў — маіх родных і стрыечных братоў. Між іншым, тых нашчадкаў Савэля, што засталіся жыць у Айнаравічах, і праз сто гадоў звалі па вясковаму Савэлевы, можа, і цяпер завуць, калі хто там з іх яшчэ жыве. Па імянному сьпіску сялянаў маёнтку Мураваны двор (памешчыца Кац. Сц. Смоляк, з роду Бурнашовых, удава генерал-маёра), складзеным у 1862 годзе, Савэль Андрэеў Гілевіч меў каля 20 дзесяцінаў зямлі (сядзібнай — 1, ворнай — 15, сенакоснай — 4), прыгонаў муж. 156 дзён, жан. 156 дзён, зьдзельных летніх муж. запражных 84, пешых 9, жаночых 93 дні, зімовых муж. запражных 56, пешых 4, жаночых 62 дні. Пастаянны аброк 33 руб. 76 кап. Можна меркаваць, што людзі былі гаспадарлівыя, працавітыя і да галоты не належалі.