Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 5

Ніл Гілевіч

Дзеда па бацьку, Пятра Маркавіча, я ня мог ведаць, ён памёр у досыць маладым узросьце, калі мой бацька быў яшчэ зусім малым хлапчанём. Памёр, надарваўшы нутро,— падняў мяшок мукі з зямлі, каб пакласьці на сані... Ніякіх іншых зьвестак пра яго як чалавека ў нашых сямейных паданьнях не засталося. Бабуля па бацьку Альжбета Васілеўна (дзявочае прозьвішча Пунтус) была родам з Гайны і таксама памёрла заўчасна, у гадоў пяцьдзясят, неўзабаве пасьля грамадзянскай вайны. Гаспадыняй, па ўспамінах дзяцей, яна была разумнай і працавітай, адна, пасьля сьмерці мужа, ставіла на ногі малых — дачку Паўліну, сыноў Аляксандра, Пётру, Сымона, Валодзю, і някепска спраўлялася з гаспадаркай. Паводле запісаў, знойдзеных у Менскім абласным архіве, у 1916 годзе ў яе несумненна серадняцкай гаспадарцы было: ворыўнай зямлі — 7 дзесяцінаў, конь — 1, жарабя-адналетак — 1, каровы — 2, бычок — 1, авечкі — 4, сьвіньні — 2, парасят — 7.

З продкаў па мамінай лініі добра помню і дзеда — Мікалая Давыдавіча Рулькевіча, і бабулю — Альжбету Тодараўну (з сям’і Давідовічаў, са Слабады). Прадзед Давыд Маркавіч (мама казала, у вёсцы яго звалі Давыдка) каранямі быў мясцовы,— мяркую па тым, што ўжо ў сярэдзіне стагоддзя ў Айнаравічах амаль ня трэць жыхароў мелі прозьвішча Рулькевіч. Як пазначана ў адным з дакументаў за 1882 год, уваходзіў у вясковы камітэт, які адваёўваў у памешчыцы Смоляк «частку выгану і іншыя землі». Быў непісьменны. Дзед Мікалай і баба Альжбета ўсё жыцьцё пражылі ў Айнаравічах, адкуль мама, старэйшая з іх чатырох дзяцей (нарадзілася ў 1902-м), выйшла замуж у Слабаду за Сымона Гілевіча. Пра бабулю магу сказаць адно — незвычайна сьціплая, ціхмяная, пакорлівая перад мужам, надзіва ласкавая да ўнукаў, цярплівая і, несумненна, з верай у Бога, хоць у царкву за савецкім часам ужо не хадзіла — не было куды, усе храмы ў навакольлі былі пазачыняны, ператвораны ў гаспадарчыя памяшканьні.