Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 7

Ніл Гілевіч

Праз дваццаць пяць гадоў, летам 1943-га (і ў сьне дзеду гэта не магло прысьніц­ца!) стары, даўно сьсівелы Мікалай Давыдавіч зноў апынуўся ў Германіі ў якасьці нявольніка і парабка-«остарбайтэра». На гэты раз — разам з бабуляй Альжбетай, з сям’ёю сына Кастуся (пяць душ) і сям’ёю дачкі Ганны (сем душ). Іх прымусова, як і ўсіх жыхароў Айнаравічаў і іншых суседніх вёсак, вывезьлі з партызанскай зоны на катаржныя работы ў Нямеччыну. Можа, таму, што ўжо былі старыя, а можа, памагло і тое, што дзед ад часоў першага палону трохі ведаў нямецкую мову, але месяцы праз тры яны вярнуліся дадому. Адпусьцілі. Толькі дзеда і бабу, вядома. «Я там як стаў гергетаць ім па-іхняму, — хваліўся, відочна перабольшваючы, дзед,— дык яны мне: гут, фатэр, гут! Фарэн нах Мінск, фатэр!» Выдалі ім неабходныя паперкі і пасадзілі ў нейкі вагон-цялятнік, назначэньнем аж да Менску. З той восені і да вясны 1944-га я меў магчымасьць бачыць і чуць дзеда кожны дзень, бо мы — мама і сямёра дзяцей — жылі ў яго хаце як бежанцы: перабраліся са Слабады бліжэй да лесу, да паратунку, іначай сям’я партызана ды яшчэ і камуніста магла б у першую чаргу паплаціцца.

Тады, у тую апошнюю акупацыйную зіму, мне адкрыўся яшчэ адзін, не зусім звычайны для мужчыны, талент дзеда Мікалая. Аказалася, што ён здорава ўмее варажыць на картах. Амаль ня кожны дзень прыходзілі да яго вясковыя жанчыны — маткі, жонкі, сёстры, нявесты забраных на вайну мужчынаў і хлапцоў — з просьбай паваражыць аб іх невядомым лёсе. Дзед раскладаў на палову стальніцы карты і, вельмі складна прыгаворваючы, паказваў госьці, дзе і як зараз маецца яе чалавек: хто і што яму замінае, хто яму мысьліць зло і нешта хоча зрабіць на шкоду, але вось усё канчаецца добра, і дадому ён вернецца жывы і здаровы. Я стараўся не ўпусьціць ніводнага такога «сеансу», садзіўся паблізу і з захапленьнем слухаў гісторыі чужых лёсаў у красамоўнай дзедавай падачы. Цікава было — неймаверна! Надта ж ён хораша і дасьціпна гаварыў! Напрыклад, для дзяўчыны, якая чакала свайго жаніха з вайны, гаданьне заканчваў так: «Дык воць ідзі і скажы матцы, хай гоніць самагонку, каб шмат нагнала, бо во, бачыш, — вясельле ўжо на варотах вісіць!» I я нагінаўся і глядзеў на карты, дзе там дзед бачыць вясельле на варотах. I па тым, як усьміхалася з разуменнем гумару дзяўчына, я спасьцігаў дзедаву метафару.