Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 2
Ніл Гілевіч
Трэба думаць, што дзейнасьць касьцёлу, заснаванага самім вялікім князем, г. зн. вельмі аўтарытэтнага і багатага, нямала паспрыяла ў далейшым культурна-духоўнай цывілізацыі ўсяе Лагойшчыны і яе Гаенскай «акругі» ў прыватнасьці. Менавіта ў Гаенскім касьцёле ў верасьні 1514 году па заказе караля і вялікага князя Жыгімонта I Старога, які ў тыя дні знаходзіўся на Лагойшчыне, была спраўлена ўрачыстая імша ў гонар перамогі ліцьвіноў над войскамі маскоўскага князя Васіля III.
У Гайне або ў яе ваколіцах нарадзіўся вядомы зьбіральнік вуснапаэтычнай народнай творчасьці, піянер усходне-славянскай фалькларыстыкі, этнаграфіі і археалогіі Зарыян Далэнга-Хадакоўскі (сапр. Адам Чарноцкі). Гайна — радзіма вядомага літаратара, выдаўца і навукоўца Ігната Шыдлоўскага, які ў 1818 годзе апублікаваў у Вільні ў часопісе «Тыгоднік Віленскі» беларускія вясельныя песьні Гаенскай парафіі, сабраныя (відочна, ягоным бацькам) яшчэ ў 1800-1801 гадах. У трох вёрстах ад Гайны знаходзіўся адзін з буйнейшых на Лагойшчыне маёнткаў Мураваны Двор; у першай палове ХVІІ ст. ён належаў памешчыку Эйнаровічу, у якога тады ж служыў Ян Цадроўскі — памочнік і пісар князя Радзівіла ў падарожжах апошняга па Заходняй Еўропе. Запіскі Я. Цадроўскага апублікаваныя і ўтрымліваюць у сабе вельмі цікавыя факты з часоў паходу Маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча на Беларусь, у прыватнасьці — пра разгром яго атрада на ўсходзе Лагойшчыны.
За вёрст шэсьць-сем ад Гайны ёсьць невялікая вёска Альхавец. Там, у фальварку пад гэтай жа назвай, гадаваўся вядомы вучоны-філолаг, прафесар Маскоўскага, а пасьля — Карлавага універсітэту ў Празе Яўген Ляцкі. Сваю навуковую дзейнасьць ён пачаў студэнтам са зьбіраньня народных песень Гайна-Слабадской воласьці — на радзіме, куды прыязджаў да бацькоў на канікулы. Пра гэтую яго працу я расказаў у кнізе «З клопатам пра песні народа», ня тоячы пачуцьця радасьці, што на пачатку XX ст. песенны фальклор нашага кутка быў сабраны і апублікаваны Ляцкім у акадэмічным навуковым выданьні «Известия императорской Академии наук» (1904). I вось, як гэта кажуць,— цесны сьвет. У лістападзе 1976 году госьцем БДУ быў знакаміты славенскі лінгвіст з Любляны, выхаванец Карлавага універсітэту, прафесар, акадэмік Францэ Безлай. Адзін з вечароў шаноўны госьць правёў у нашай хаце і, распавядаючы пра свае студэнцкія гады, нечакана сказаў: «Мне пашанцавала: у Карлавым універсітэце маім настаўнікам рускай мовы і літаратуры быў бліскучы прафесар Яўген Аляксандравіч Ляцкі. Шкада, у 1942 годзе ён памёр...» Як быў спачатку ўражаны я, так быў зьдзіўлены потым ён, калі я сказаў, што Ляцкі — мой зусім блізкі зямляк, з аднае воласьці родам.