Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 23

Ніл Гілевіч

Манька сварыцца на Толю:

— Ты чаго равеш, бабыль?

А Якуб вышаў на ганак,

Кліча курэй: пыль-пыль-пыль!

Тады ж напісаў доўгі сатырычны верш з цалкам выдуманай фабулай «Як дурны жаніўся». Пачынаўся ён так:

Дзе то бачана было,

Каб разумны біўся?

А дзе бачана было,

Каб дурны жаніўся?

Далей раскручваўся нейкі забаўны сюжэт пра недарэчныя паводзіны і ўчынкі дурня на ўласным вясельлі. Што канкрэтна — у памяці не засталося, затое засталося іншае: першае публічнае, на чужых людзях, выкананьне гэтай «сатыры» і яе «грамадская» ацэнка. Сябрук Ваня Жызьнеўскі, да якога я прыйшоў «на сяло», паслухаўшы мой «сьцішок», тут жа сказаў пра гэта прысутным мужчынам — бацьку Рыгору і Зьмітраку Драгуну. Тыя запатрабавалі, каб я прачытаў уголас і ім. I я прачытаў. «Сапраўды сам напісаў, ня хлусіш?» — паступіла пытаньне.— «Сам...» — адказаў, шморгнуўшы носам». —«Дык ты, брат, малайчына! Гэта ж лепей, чым у Ванькі Сяртука. У цябе болей складна». Высокая ацэнка майго верша «грамадскасьцю» вельмі мяне акрыліла, напоўніла пачуцьцём гонару. Асабліва, што «лепей, як у Ванькі Сяртука». Што Іван Бладыка (Сяртук — мянушка) пісаў перад вайной сатырычныя «сьцішкі» для калгаснай насьценгазеты — я ведаў, адзін з іх нават трохі помніў: «Сьцёпка бег і паваліўся, Бо сінюк у сіло ўчапіўся». Дык жа Сяртук гадоў на восем за мяне старэйшы, ужо дарослы дзяцюк, а я... а мне толькі за дзесяць пераваліла. I раптам — у мяне лепш, больш складна.

На гэтым дзіцячае захапленьне складаньнем «сьцішкоў» надоўга абарвалася — амаль аж на чатыры гады. Можна сказаць: было не да гэтага. Ужо ў сьнежні сорак другога народныя мсьціўцы з блізкіх лясоў штурмавалі фашысцкі гарнізон у самім Лагойску і захапілі шмат правіянту. Помню іх вяртаньне з нападу і праведзены імі ў нашай вёсцы кароткі мітынг. «Вораг будзе разгромлены і зьнішчаны! А нямецкім паслугачам, здраднікам-сабакам — сабачая сьмерць!» — выгукаў, стоячы на санях, на мяшках з мукой, іх камандзір, у рыжым кажушку і чорных валёнках, у круглай шапцы-кубанцы з чырвонай стужкай наўскасяк сьпераду, з аўтаматам на грудзях і з наганам у кабуры пры боку. Уразіў мяне той эпізод незвычайна. Колькі ў ім было высокага гераізму, колькі рамантыкі і прыгодніцкага запалу!..

Улетку сорак трэцяга бацька, які да гэтага часу быў сувязным атрада «Бальшавік» і падпольнага райкаму партыі, пайшоў у лес (аж да вызваленьня быў палітруком партызанскай роты), і нам, маме з васьмярыма дзяцьмі, жыць дома стала небясьпечна: Слабада стаіць на досыць бойкай дарозе, на гравійцы. I мы падаліся ў «бежанцы» у Айнаравічы, ад якіх блізка да вялікага балоцістага, з баравымі выспамі, лесу. Калі і ў Айнаравічах «прыпякала» — перабіраліся ў лес, у зямлянку на высьпе. У «бежанцах» жылі спачатку ў хаце мамінай сястры цёткі Ганны, а затым — у дзедавай. З ліпеня 1943-га абедзьве хаты пуставалі — іх гаспадароў, як і амаль усіх астатніх айнараўцаў, немцы вывезьлі ў Германію на катаргу.

Фактычна ў нашым лясным кутку тады ўстанавілася савецкая ўлада, дакладней — не савецкая, а бальшавіцка-партызанская, ці бальшавіцка-анархісцкая. Ніякіх саветаў, вядома, не было, іх ніхто не выбіраў, паўсюдна гаспадарылі партызаны, спрабавалі нейкі парадак навесьці, але вайна ёсьць вайна, няпэўнасьць, няведаньне, што будзе заўтра — ці ня рушаць вялікімі сіламі немцы, ці ня стануць паліць і расстрэльваць, ці не пачнуць зноў бамбіць з аэрапланаў партызанскія вёскі? — усё гэта трымала людзей у пастаяннай трывозе, у страху, у нервовым напружаньні, прымушала жыць адным днём, дазваляла несумленным і нахабным злоўжываць сілай...