Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 25

Ніл Гілевіч

Айнараўскае «бежанства» запомнілася мне і тым, што менавіта тою зімою я ўпершыню ўзяўся за складаньне свайго ўласнага сьпеўніка. З выпрашаных у бацькі чатырох аркушыкаў чыстай паперы зрабіў малюпасенькі сшытачак і пачаў запіс­ваць у ім песьні, якія былі тады папулярнымі і ў партызанаў, і ў вясковай моладзі. Я слухаў і запамінаў іх у час сьпеваў, або нават прасіў прадыктаваць мне тэкст або асобныя строфы, радкі. Сшытачак мой у час апошняй, майскай блакады згубіўся, але помню, што амаль усе песьні ў ім былі пачутыя ад партызанаў. I канешне ж — ніводнай беларускай. Ніводнай.

Акупацыя для нас скончылася 1-га ліпеня 1944 году. Позьняй раніцай у наш цывільны «табар» на ўскрайку лесу прыскакаў на кані наш слабодскі сваяк і сусед Алёшка Барэйка і пракрычаў, што з-пад Кораня ідуць нашы і неўзабаве будуць у Айнаравічах. I мы ўсе, апрача нямоглых бабуль, пабеглі сустракаць нашых. Там, дзе дарога перасякала вёску, доўга стаялі, чакалі, са збанамі малака і сьцюдзёнай вады, з хлебам і сольлю. Нарэшце ўбачылі, як да нас набліжаецца першая калона савецкіх байцоў. Жанчыны заплакалі яшчэ галасьней, дзяўчаты і хлопцы кінуліся насустрач, напярэймы. I тады над калонай цяжка, але зладжана і магутна загучала песьня: «Пусть ярость благородная Вскипает, как волна». I тады заплакаў і я — моўчкі, зусім моўчкі.

***

Адразу ж па вызваленьні, летам 1944-га, у Слабадзе аднавіўся калгас. А хадзілі чуткі, яшчэ перад прыходам «нашых», і ў многіх былі спадзяваньні, што пасьля вайны калгасаў ужо ня будзе, так усё і застанецца, як зрабілі пры немцах — аднаасобнае гаспадараньне. Але — сабралі агульны сход, прама на вуліцы, пад вербамі Ваўчковых, выступіў «прадстаўнік» з раёну, пакрычалі бабы, пабурчалі дзяды і — аднавілі. Пры пяці, а можа, і сямі конях, якія зноў аб’ядналіся ў калгасны табун і сталі галоўнай цягавай сілай у гаспадарцы. Галоўнай, а не адзінай, бо з гэтага часу пачнуць цягаць плуг і людзі, а дакладней — бабы і падлеткі,— на сваіх сядзібах, вядома. І доўга будуць цягаць, доўга,— і плуг, і барану, і дровы з лесу на калёсцах, і сена ў посьцілках за плячыма...

Нас, дзяцей і падлеткаў, больш усхвалявала навіна, што з 1-га верасьня мы зноў будзем хадзіць у школу, будзем вучыцца. Пры гэтым было сказана, што вучоба пад акупацыяй у залік не бярэцца, сапраўднай ня лічыцца, і калі, напрыклад, я да вайны скончыў тры класы, то цяпер мушу ісьці ў чацьвёрты, хоць у чацьвёртым я ўжо быў першай зімою пад немцамі. I яшчэ навіна, якая школьнікаў таксама засмуціла: у Слабадзе школа будзе толькі пачатковая, сямігодкі, як да вайны, ня будзе, бо нават і для пачатковай памяшканьня няма. Усе тры будынкі нашай Слабодскай школы,— адзін зусім новы, пастаўлены перад самай вайной, а два яшчэ дарэвалюцыйныя, але такой моцы, што маглі б стаяць сто гадоў,— восеньню сорак трэцяга партызаны разбурылі, раскідалі і перавезьлі ўсе бярвеньні, кроквы, дошкі і гантовыя дахі ў лес — сабе на хаты і зямлянкі. Старых пуняў, такоў, асецяў у абязьлю­дзелых вёсках, каб зрабіць сабе часовае жыльлё, ім не хапала, дык зруйнавалі, зьнішчылі тры школьныя будынкі! Менш чым за год да вызваленьня. Ведаючы, што сыдзе з гэтай зямлі вайна і дзецям будзе трэба вучыцца. Якая мудрасьць бальшавіцкай (савецка-партызанскай) улады, які клопат пра будучыню народа! А без іроніі — якая страшная непераможная корць руйнаваць, разбураць, нішчыць!.. Помню, аж жутка было глядзець, як не паддаваўся, не хацеў разбурацца той з трох школьных будынкаў, у якім за царскім часам была валасная управа,— як магутна-дбайна былі змацаваны яго сьцены, і столь, і падлога, і ьвушакі, і асады вокнаў!.. Ай, колькі б ён яшчэ паслужыў асьвеце беларускіх дзетак!