Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 21

Ніл Гілевіч

Другое, што было пэўным шчасьлівым адкрыцьцём для мяне ў тагачаснай вучобе,— гэта знаёмства з беларускім народным земляробчым календаром, з апісаньнем нашых даўніх народных сьвяткаваньняў і звычаяў, абрадаў і гульняў, з узорамі абрадава-каляндарнай і сямейнай паэзіі, з гістарычнымі паданьнямі і легендамі беларускага народу. Рэч у тым, што такога матэрыялу было багата ў названым часопісе, ды і газеты яго друкавалі, і што на ўсім гэтым акцэнтавалася на ўроках увага, чаго абсалютна, зусім-ніяк не рабілася ў школе да вайны. У савецкай школе гэтым займацца было нельга, ва ўсякім разе — у беларускай савецкай, бо на гэтае багацьце народнай духоўнасьці, народнай паэзіі вучылі глядзець як на нічога ня вартую забабонную старыну, не толькі непатрэбную, але і шкодную, зьвязаную з беларускім буржуазным нацыяналізмам, і таму фактычна забароненую. Народныя лірычныя (пазаабрадавыя) песні сьпяваць і казкі расказваць (асабліва антыпанскія і антыцаркоўныя) — не забаранялася, яны ўваходзілі і ў вучэбныя праграмы, але каб старыя сьвяты сьвяткаваць і язычніцкія ці хрысьціянскія абрады выконваць — крый Бог! Толькі хіба ўпотай, падпольна. А тут — пра ўсё гэта гаварылася ня толькі адкрыта, але і з ухвалою, з заклікам адраджаць у жыцьці свае старажытныя сьвяты, звычаі, абрады. I трэба сказаць, што часовае адраджэньне пэўных, ужо прызабытых атрыбутаў нацыянальнага беларускага быту, сьвяточных абрадавых дзействаў і рытуалаў мела, прынамсі ў нашым навакольлі, месца, заклік да яго быў пачуты і прыняты вясковай моладдзю з задавальненьнем. Помню, як мне, страшэнна заінтрыгаванаму чуткамі, хацелася пранікнуць у перадкалядны вечар у хату да Маславых, дзе — усе ў вёсцы гэта ведалі — дзяўчаты «пякуць ката». I Каляды першай ваеннай зімы, і затым Вялікдзень, і Сёмуха, і Купальле сьвяткаваліся па ўсіх канонах і правілах, як і ў былыя дакастрычніцкія часы. Усё гэта ўваскрашалася ў памяці і адраджалася ў вясковым побыце імгненна і само сабой, без ніякіх распараджэньняў і загадаў. Зрэшты, садзейнічалі гэтаму і самі варункі акупацыйнага рэжыму — жыцьцё бяз кніг, без кіно, бяз радыё, а пачынаючы з восені сорак другога — і бяз школы. Разам з жорнамі, з самаробнай гарэлкай (самагонкай) і іншымі прадметамі старога быту ў жыцьцё вярталіся і старыя абрады, і даўнейшыя, амаль зусім забытыя, гульні-забавы, на вечаровых зборышчах моладзі не абыходзілася бяз розных прымхаў, варажбы і іншых забабонаў.