Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 22

Ніл Гілевіч

Быў у той першы год акупацыі і яшчэ адзін нечаканы прарыў маёй «зялёнай» сьвядомасьці ў раней наглуха ад мяне схаванае і невядомае,— у тую таямніцу, на якую было накладзена самае страшнае з усіх дзяржаўных «табу» савецкай эпохі: у праўду пра Сталіна, пра яго атачэньне і пра ўсталяваны пры ім у краіне палітычны рэжым. Забясьпечылі мне гэты «прарыў» галоўным чынам менскія беларускія газеты, якія дастаўляліся ў вёску бургамістру нашай Слабодскай воласьці Івану Бурбоўскаму і якія я, дзесяці-адзінаццацігадовы падлетак, згаладнелы па друкаваным слове, прагна чытаў. Рэч у тым, што гэты самы Бурбоўскі даводзіўся майму бацьку дваюрадным братам, быў мой стрыечны дзядзька (досыць блізкая радня). Я сябраваў з яго дзецьмі і пад выглядам «пагуляць» прыходзіў да іх у хату «пачытаць». Газеты, падшытыя ў стос, ляжалі на шырокай драўлянай канапе, і калі нават гаспадар быў дома — гартаць іх мне дзядзька Іван не забараняў. Чаго толькі на палосах тых «газэт» я ня вычытаў — і пра нашае жыцьцё пры «саветах», пад уладай «жыдоў і камуністаў», і пра зьверствы Сталіна і яго апрычнікаў, і пра тое, як сілай заганялі сялянаў у «калгасны рай», і пра гвалт над беларускай мовай і культурай, і, вядома ж, пра блізкую перамогу харобрых войск фюрэра над рэшткамі разьбітай Чырвонай Арміі. Вельмі ўражвалі карыкатурныя выявы Сталіна і іншых кіраўнікоў савецкай краіны, выявы страшэнна пачварныя і таму сьмешныя. Пасьля ўсяго таго, што я чуў і чытаў пра Сталіна да вайны,— гэта здавалася нечым неверагодным, амаль нерэальным, і я падоўгу глядзеў на карыкатуры, як агаломшаны. Разумеў, нават і ў тым узросьце, што гэта робіцца рукамі ворагаў нашай Радзімы, і аднак жа, аднак жа... штосьці ў сьвядомасьць западала нейкай неразгаднай да часу загадкай.

У самым канцы сорак першага або на пачатку сорак другога — дакладна не скажу, але помню, што ў разгар небывала сьнежнай зімы, — ува мне абудзіўся сьверб складаць «сьцішкі». У адрозьненьне ад тых першых спробаў амаль гадавой даўнасьці, на. гэты раз «сьцішкі» не былі, па-першае, перайманьнем сюжэтаў ці матываў нейкіх вядомых твораў, а па-другое, былі ня «лірыкай», а «сатырай». Тэмай аднаго з іх стаў сьмешны выпадак, які адбыўся ў хаце суседзяў зьлева: сабака абярнуў гаршчок з булёнам (у нас булёнам называлі бульбяны суп), з-за чаго сям’я засталася без абеду. Помню толькі першую страфу з той бытавой «сатыры»:

Гаспадынька Ліксандрынка

Як зварыла раз булён,

Дый паставіла на ўслоне,

Каб хутчэй прастынуў ён.

«Сьцішок» вельмі спадабаўся бацьку: ажно голасна сьмяяўся і пры ўсіх, хто быў дома, выдаў аўтару шчодрую пахвалу. У другой «сатыры» апісаная раніца ў сусе­дзяў справа, хаця поваду для яе напісаньня ня помню. Зноў жа захавалася ў памяці толькі адна страфа: