Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 20

Ніл Гілевіч

Я пад акупацыяй вучыўся ў школе фактычна толькі адзін год — закончыў чацьверты клас у сваёй Слабадзе. У наступны ж пяты (ужо ў суседняе мястэчка Гайна) пахадзіў усяго тыдні тры, ня болей — і школа была зачыненая. У яе вялікім новым будынку (тыповым, пастаўленым за год да вайны) разьмясьціўся паліцэйскі гарнізон. Але зусім не надоўга. На пачатку зімы, ад страху быць разгромленымі, яго ваякі перабраліся ў суседні гарнізон у Лагазе, а школу — новы, цудоўны будынак — партызаны спалілі. «Каб не было куды вярнуцца бобікам» (так пагардліва называлі тых, хто пайшоў у паліцыю). Пазьней, пасьля вайны, гэтае бяздумнае, нічым не апраўданае спажараньне школы будзе даплюсавана да зруйнаваньняў, што ўчынілі на Беларусі нямецка-фашысцкія акупанты,— як і сотні іншых спаленых ці разбураных «ляснымі салдатамі» школаў і самых розных казённых будынкаў, узарваных былых панскіх палацаў, касьцёлаў і цэркваў. Усё прыпісалі акупантам — усе свае дурныя, бязглуздыя спажараньні і разбурэньні. Гэта ня значыць, што не палілі і не руйнавалі нямецкія фашысты — і палілі, і руйнавалі страшна. Але гэта значыць, што ўся праўда аб тым, што было, што чынілася-рабілася на Беларусі ў гады Другой сусьветнай вайны, яшчэ не напісана. Яшчэ на ўвесь голас так і не сказана, чаму і адны, і другія — і фашысты, і антыфашысты — былі такія бязьлітасныя да беларусаў і да багацьцяў-скарбаў нашай матэрыяльнай культуры, да рукатворных помнікаў нацыянальнага генія народу. I ня толькі да рукатворных.

Год вучобы ў школе пад немцамі адзначыўся ў маёй сьвядомасьці двума новымі момантамі, якія мелі, як я цяпер разумею, немалаважныя для мяне наступствы. Па-першае, усе ранейшыя, савецкія школьныя чытанкі і хрэстаматыі былі са школьнага ўжытку зьняты, апынуліся пад забаронай (фактычна былі сабраны, рэквізаваны і зьнішчаны), і таму ва ўсіх класах нашай (цяпер ужо не сямігадовай, а пачатковай) школы мову і літаратуру дзеці вывучалі па выдаваным у Менску з восені 1941-га году часопісе «Беларуская школа», у якім усе матэрыялы (і метадычныя, і літаратурна-мастацкія) былі надрукаваны гэтак званай «тарашкевіцай». На «тарашкевіцы» друкавалася і «Беларуская газэта», якая да сьнежня 1942-га даходзіла да нас, у Слабаду, і якую я з вялікай цікавасьцю чытаў. Гэты адметны ад ранейшага правапіс роднай мовы, павінен прызнацца, прыйшоўся мне да душы, асабліва абазначэньнем мяккасьці зычных З, С, Л, Н, Ц на пісьме з дапамогай мяккага знаку (зьбіў, сьнег, гальлё, сёньня, жыцьцё). Нейкае падсьвядомае нутраное чуцьцё як бы гаварыла мне, што гэтак пісаць лепш, што гэтак і трэба. За год вучобы я так пры­звычаіўся да «тарашкевіцы» (гэтага тэрміну, вядома ж, я тады ня чуў), што нейкі час яшчэ і пасьля вайны ў маіх пісаньнях праскокваў, як партызан-дыверсант, лішні мяккі знак і «пускаў пад адхон» жаданую, запланаваную ў амбітнай душы «пяцёрку».