Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 18

Ніл Гілевіч

Дарэчы, хіба ня шчырасьцю творчага натхненьня тлумачыцца той бясспрэчны факт, што ўсе тагачасныя масавыя і эстрадна-лірычныя песьні вызначаліся выдатнымі паэтычна-музычнымі якасьцямі, уразьлівай меладычнасьцю, напеўнасьцю, глыбокай, пранікнёнай эмацыянальнасьцю? Ледзь паявіўшыся на сьвет, скажам, упершыню прагучаўшы на экране кіно, яны лёгка запаміналіся, яны тут жа падхопліваліся мільёнамі маладых людзей, рабіліся важнай, неабходнай, істотнай часткай іх культурнага побыту, іх духоўнага жыцьця. У пацьвярджэньне сказанага згадаю такія шэдэўры песеннай лірыкі 1930-х гадоў, як «Кацюша», «Провожанье», «И кто его знает» (вершы М. Ісакоўскага), «По военной дороге» (верш А. Сур­кова), «Нас утро встречает прохладой» (верш Б. Карнілава), «Дзе ж ты, чарнавокая?» (верш А. Ушакова), «Бывайце здаровы!» (верш А. Русака).

Выдатныя папулярныя песьні перадваеннай пары, разам з фальклорнымі, народнымі (беларускімі, рускімі і ўкраінскімі), разам з хрэстаматыйнымі вершамі і паэмамі вядомых паэтаў фарміравалі мой мастацкі густ, маё адчуваньне і разуменьне прыгожага, паэтычнага, станоўча ўплывалі на працэс духоўнага росту, ідэйнага і маральнага станаўленьня асобы. На жаль, тады ж паглыналася мною і «паэзія» зусім іншага кшталту, процілеглага. Маю на ўвазе ня толькі тыя вульгарна заідэалагізаваныя культаўскія песьні-оды, але і многія нібыта-вершы, зьмешчаныя ў нашых букварах і чытанках. Ну як мог паўплываць на эстэтычнае разьвіцьцё васьмі-дзевяцігадовага школьніка, які да таго ж яшчэ і адчувае сваё нераўнадушнае ўспрыняцьце паэзіі, вось такі лірычны «шэдэўр» з чытанкі:

Аралі, садзілі, палолі,

А вось і зьбіраць ужо час.

Гародніна сёлета добра

Ўрадзіла ў калгасе у нас.

Падобныя нібыта-вершы даводзілася ня толькі чытаць, але і завучваць на памяць. I ніхто ж табе не сказаў, не патлумачыў, што гэтая недалугая, убогая эрзац-творчасьць ніякіх адносінаў да паэзіі ня мае, што яе трэба як мага хутчэй забыць, калі нават і было загадана вывучыць.

На шчасьце, што датычыць чытанак і хрэстаматыяў, то нават і тады ў іх пераважалі ўзоры паэзіі сапраўднай, прыгожай, высокай, чыстай, і ня дай Бог, каб было іначай! Мы адкрывалі для сябе і запаміналі на ўсё жыцьцё радкі Янкі Купалы («I лягла ж цішына У бары за гарой: Каб дравінка адна Хоць кіўнула сабой»), Якуба Коласа («Звоніць, скача, як дзіцятка, Гэты жэўжык-ручаёк, На яго, бы тая матка, Сонца кідае свой зрок»), Максіма Багдановіча («Здароў, марозны, звонкі вечар! Здароў, скрыпучы, мяккі сьнег!»), Зьмітрака Бядулі («Сьняжыначкі-пушыначкі Ляцелі матылькамі. Над хмызамі над шызымі Дыміліся дымкамі») і інш. Гэтае сапраўднае-прыгожае, вядома ж, перамагала зарыфмаванае пустое абы-што.