Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 16

Ніл Гілевіч

Пройдзе XX зьезд КПСС з выкрыцьцём культу асобы Сталіна — і я ўпершыню зразумею, як увесь гэты час было «лёгка» бацьку — роднаму брату «ворага народа». I чаму ў нашай хаце, на самым відным месцы — на сьцяне, трохі вышэй над адрыўным календаром, можа гады два ці тры красаваўся ў ладнай драўлянай рамцы наркам Яжоў. У высокай фуражцы з зорачкай, з вялікімі пятліцамі ў ромбіках, з вясёлай усьмешкай на круглым маладым твары, — ён мне здаваўся вельмі сімпатычным. I я быў страшэнна зьдзіўлены, калі аднойчы вечарам, прыйшоўшы дадому, бацька раптам, нічога ня кажучы, зьняў партрэт са сьцяны, выдраў з рамкі і, разарваўшы на чатыры часткі, кінуў у полымя грубкі. На нямое пытаньне маіх спалоханых вачэй адказаў: «Аказаўся ворагам народу, прахвост». «Прахвост» — было адным з яго любімых слоў.

Прыкладна тады ж адбылася яшчэ адна экзекуцыя над сімпатычнымі мне партрэтамі. На гэты раз у школе, і ўчынілі яе мы, дзеці. Настаўніца папрасіла разгарнуць чытанкі на тых старонках, дзе зьмешчаны партрэцікі маршалаў Блюхера і Ягорава, і сказала: «Дзеці, замажце гэтыя партрэцікі і подпісы пад імі чарнілам. Замажце добра, каб нельга было прачытаць». Ну, гэта ва ўсіх атрымалася найлепшым чынам. Што-што, а мазюкаць, крэсьліць, пэцкаць мы ўмелі. Некаторыя так пастараліся, што аж лісьціны наскрозь папрадзіралі. Экзекуцыя над партрэтамі — экзекуцыя над дзяцячымі душамі. Хто скажа-адкажа, у што гэта дзіцячай душы абыходзілася? Як гэта ўплывала на фарміраваньне маральных перакананьняў і прынцыпаў будучых грамадзянаў краіны? Учора — герой грамадзянскай вайны і маршал, сёньня — замаскаваны вораг-тэрарыст; учора — знакаміты, праслаўлены герой Хасана і таксама маршал — сёньня подлы пярэварацень і здраднік Радзімы. Каго будзем закрэсьліваць і замазваць заўтра?..

Тым часам вызвалілі з белапольскага ярма Заходнюю Беларусь. З гераічнага паходу на захад вярнуўся тэрмінова мабілізаваны ў верасьні сусед Валодзя Думанскі і ў якасьці трафею прынёс польскі тапор у торбе (без тапарышча, вядома). Хваліўся, што надта ж хвацкі, з надта ж добрага жалеза і што ў нас такога ня зробяць. На што слабодскі каваль Андрэй Бурбоўскі сказаў: «Ты, гэта самае, гаворыш глупства. Давай аб заклад, што я зраблю лепшы!» Але гэты эпізод — не галоўнае, чым тады захапіла мяне тэма Заходняй Беларусі. Захапіла і з кожным днём-тыднем-месяцам усё глыбей западала ў сьвядомасьць, усё больш апаноўвала маімі не зусім дзіцячымі думкамі. Да вялікай гістарычнай падзеі ўзьяднаньня беларускага народу я ўжо быў дастаткова падрыхтаваны, каб успрыняць яе радасна як перамогу справядлівасьці. Падрыхтаваны быў усёй атмасферай грамадскага быту, школай, кнігамі, і, вядома ж, у сям’і,— ува мне вельмі рана, не па гадах рана абудзілася цікавасьць да падзеяў гістарычнага кшталту і сучаснага сацыяльна-палітычнага жыцьця. Для мяне адкрылася суровая, трагічная праўда нашага лёсу: Беларусь была гвалтам падзеленая, амаль палавіна яе апынулася ў няволі, і там, у буржуазнай Польшчы, беларускі народ ня меў ніякіх правоў — нават вучыць дзяцей на сваёй роднай мове. Тады пра становішча беларусаў пад гнётам «пілсудчыкаў» пісалася надзвычай шмат, як і пра радасьць вызваленьня, пра яднаньне адзінакроўных братоў. Мастацкія творы — апавяданьні, вершы — адразу ж паявіліся ў чытаньнях і хрэстаматыях, у кнігах паэтаў і пісьменьнікаў. Дастаткова згадаць вершы Янкі Купалы на гэтую тэму — вялікую нізку «На заходнебеларускія матывы». Тое ўспрыняцьце верасьня 1939 году засталося ў маёй душы надоўга-надоўга. І калі пасьля вайны пачала друкавацца ў «Полымі» паэма Коласа «Рыбакова хата» — я ўсім сэрцам вітаў яе і лічыў вельмі значным творам. Ну а як жа: гэта ж пра барацьбу народу за ўзьяднаньне! І сам у 1949 годзе напісаў верш «Гэты дзень» — да сьвята 17 верасьня, але яго не надрукавалі. Праз пяць гадоў, восеньню 1954-га, я зноў напісаў верш пра гэта ж — і зноў яго не прынялі да друку. «Сёньня гэтая тэма ўжо не актуальная»,— патлумачылі. І я быў моцна зьдзіўлены і застаўся ў недаўменьні. «Тэма гістарычнага лёсу народу — не актуальная? Тут нешта ня тое». Агулам хачу падкрэсьліць: усё, што я тады чуў і чытаў пра вызваленьне і ўзьяднаньне, істотна паўплывала на разьвіцьцё, паглыбленьне і ўмацаваньне маёй нацыянальнай самасьвядомасьці.