Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 14

Ніл Гілевіч

Як стане зразумелым самому нашмат пазьней, мерная, музычна арганізаваная мова верша вабіла і зачароўвала мяне невыпадкова. Менавіта на той час (прадвесьне 1941-га) прыпадаюць мае першыя ўласныя спробы напісаць складна, «састаўляючы словы ў слупок», як гаварылі ў нашай хаце. Я добра помню, чым канкрэтна былі выкліканы тыя першыя спробы (іх было дзьве), што паслужыла для іх узорам. Першы «сьцішок» (вершы мы тады называлі толькі так — «сьцішкамі») я склаў пад уражаньнем прачытанага і завучанага на памяць лірычнага шэдэўра Т. Шаўчэнкі «Садок вішнёвы каля хаты». Гэты геніяльна просьценькі верш вялікага Кабзара быў зьмешчаны ў нашай чытанцы (у перакладзе на беларускую, вядома) і надзвычай дапаў мне да душы. Мне здавалася, што гэта напісана пра нашую вёску, і нават пра наш двор і нашую сям’ю, што гэта нашая мама «паклала дзетачак сваіх, сама заснула каля іх» і затым — «заціхла ўсё, адно дзяўчаты ды салавейка не заціх». Другі «сьцішок» быў складзены ў перайманьне жалобнага маршу «Памёр ты, вялікі і мужны змагар» (памяці У. І. Леніна), які моцна ўразіў мяне і трагічным зьместам і журботнай мелодыяй, калі яго выконваў на школьнай сцэне хор вучняў. Сшытачак з гэнымі «вершамі» мама схавала як сямейную каштоўнасьць у прыскрынку куфра, але я самавольна ўзяў яго адтуль і дзесьці згубіў, амаль нічога, ні радка, з тых першых спробаў вершаваньня не запомніўшы.

Трохі яшчэ пра маё тагачаснае чытаньне і пра некаторыя асаблівасьці школьнай вучобы ў апошнія перадваенныя гады. Шмат было прачытана мной кніг пра падзеі і герояў грамадзянскай вайны. Ды і чытанкі былі літаральна забіты творамі гэтай тэматыкі. Чапаеў, Шчорс, Варашылаў, Будзённы, Пархоменка, Катоўскі, Лазо і многія іншыя імёны сталі для мяне ў поўным сэнсе слова легендарнымі, былі імёнамі-сімваламі, увасабленьнем вернасьці Рэвалюцыі, працоўнаму народу, першай у сьвеце краіне сацыялізму, несьмяротнай справе Леніна-Сталіна. Да гэтых імёнаў-вобразаў далучаліся вобразы дукорскіх партызанаў, расстраляных «белапалякамі», невялікую кніжку пра якіх чытаў са шчырым перажываньнем. І яшчэ пра адно вельмі слыннае ў тыя гады імя,— праўда, не з часоў грамадзянскай, а з крыху пазьнейшых часоў вайны з сялянствам: піянер Паўлік Марозаў. Кнігу пра яго браў як пастушок з сабой у поле і насіў за пазухай, і моцна перажываў за жудасную сьмерць героя-піянера і яго меншага браціка. Жахлівая крывавая расправа над імі абуджала ў душы нянавісьць да заклятых ворагаў шчасьлівага калгаснага ладу — кулакоў і іх пасобнікаў.