Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 12

Ніл Гілевіч

На шчасьце, ад бацькі мы перанялі ў маленстве ня толькі баявы задзёр тагачасных камсамольскіх прыпевак, але і вялікую, глыбокую паэзію сапраўдных народных песень, якіх ён ведаў мноства і сьпяваў вельмі хораша. Сьпяваў з намі, пад настроем, а найчасьцей — з гасьцямі ў застольлі. У яго быў зычны прыгожы голас, барытон, і відаць, нядрэнны музычны слых. Гучалі «Зялёны дубочак, шырокі лісточак», «А ў полі вярба, пад вярбой вада», «Бяду вяду, ой бяду вяду, а бяда не вя­дзецца», «Ці ўсе лугі пакошаны»... А яшчэ — «Трансваль, Трансваль, страна моя» і «Шумел, горел пожар московский». Лёгка пераймаў і любіў сьпяваць папулярныя песні з перадваенных савецкіх кінафільмаў: «Лейся, песьня, на просторе», «Всё выше, и выше, и выше!», «Утро красит нежным светом» і іншыя. Натуральна, любімыя бацькавы песьні станавіліся любімымі нашымі, сямейнымі, ва ўсякім разе — маімі. Помню ўсе іх да гэтага часу, і іншы раз на самоце, у цішыні, выразна чую бацькаў голас, чую, як ён дыхтоўна, голасна пачынае: «Бяду вяду, ой бяду вяду, а бяда не вядзецца: пад вішняю, пад чарэшняю бяда спаці кладзецца...»

Між іншым, бацька ніколі не ўжываў брыдкіх слоў. Ніхто з нас, дзяцей, ні разу ня чуў, каб ён, нават і ў злосьці, мацюкаўся. Калі і як ён, выраслы ў вёсцы, засьцярогся ад гэтай плябейскай хваробы,— ня ведаю. Хутчэй за ўсё, думаю, яна не прывілася яму з маленства,— дзякуючы набожнай маці-удаве (бацькі свайго, Пятра Маркавіча, ён амаль ня помніў). Ну, але мушу сказаць: калі паскудную моўную каросту нам не прышчаплялі ў сям’і, то вясковая вуліца гэты недахоп у лінгваадукацыі пакрывала аж уга як пасьпяхова.

***

У верасьні 1938 году я пайшоў у школу — у нашу Слабодскую НСШ. Пайшоў, ужо досыць бегла чытаючы. Навучыўся гэтаму сам, з дапамогай старэйшай сястры Ліны, чые чытанкі і прынесеныя ёю з бібліятэкі кнігі любіў гартаць. Помню, дырэктар школы Алесь Якубавіч Таболіч, калі пабачыў, будучы ў нас у гасьцях, як я чытаю, прапанаваў бацькам пусьціць мяне ў першы клас разам са старэйшым братам Леўкам — увосень 1937-га. Але мама пашкадавала, што малы — яшчэ і шасьці ня споўнілася, і з прапановай не згадзілася (аб чым я неаднойчы пасьля, у сталым веку, пашкадаваў).