Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 11

Ніл Гілевіч

Адзіны на ўсю вёску член партыі (з 1928 году), ён быў перакананы камуніст-ідэаліст, можна сказаць, «белая варона» сярод усіх мясцовых партыйцаў, строга трымаўся камуністычнай маралі (пра хабар і гаворкі не магло быць), непахісна верыў у сьвятасьць камуністычных ідэалаў, у правадыроў Кастрычніка і сусьветнага пралетарыяту, і стаяў за гэтыя ідэі і прынцыпы гарой. За гэтую непахіснасьць, дарэчы, яго і ссадзілі з самай высокай пасады, да якой ён дарос. Пасьля выгнаньня з Беларусі нямецкіх захопнікаў, ён, учарашні партызанскі палітрук, быў прызначаны намесьнікам старшыні Лагойскага райвыканкаму. Але не пратрымаўся на гэтых «вышках» і двух гадоў: у тых умовах павальнага разбэшчаньня, самапраўства і драпежніцтва «белая камуністычная варона» членам бюро райкаму была непатрэбная. Спачатку бацьку сьпіхнулі на старшыню сельсавету, а неўзабаве — на старшыню нашага мясцовага калгасу, на што ён абсалютна не гадзіўся. Не гадзіўся — бо на той пасадзе тады (тады?) трэба было красьці самому, каб даваць красьці іншым (а кралі ў калгасе — усе і ўсё, каб выжыць) і абавязкова — слугаваць крадзеным начальству — вазіць і ў Лагойск, і ў Менск парасят з калгаснай фермы.

Перад сьмерцю (памёр бацька ў лютым 1972 году ад раку лёгкіх) ён сказаў нам: «Вось так, дзеці: усё жыцьцё змагаўся за праўду і справядлівасьць супроць зладзюганаў, хабарнікаў і ўсякай іншай свалаты, але ўсё маё змаганьне было марным, і вось паміраю, а нягоднікі як панавалі ў нашым жыцьці, так і пануюць...» Запозьненае для сябе адкрыцьцё «белай партыйнай вароны». Але не запозьненая споведзь для дзяцей.

Так, дзяцей сваіх ён выхоўваў — найбольш уласным прыкладам, чым слоўнымі павучаньнямі — таксама: і ў духу вернасьці ідэалам камунізму, і ў духу непры­мірымасьці да зладзюганаў-урвіцеляў і нягоднікаў-падлюкоў, і, вядома ж, таксама «белымі варонамі» ў нашым штодзённым грамадскім побыце, што на практыцы часьцей азначала — проста варонамі.

Бацьку мы абавязаны і тым, што вельмі рана, яшчэ да школы, засвоілі ня толькі бальшавіцкія сацыяльна-класавыя ідэалагемы, але і ня менш бальшавіцкія, а менавіта ваяўніча-атэістычныя сьветапоглядныя перакананьні. Помню, як у дакладным сэнсе слова «яшчэ ў калысцы», гэта значыць, у падвешаных на вяроўках вялікіх ночвах, мы, дзеці, хорам і штосілы, гарланілі — пад яго энергічным дырыжыраваньнем — знакамітыя ў той час камсамольскія прыпеўкі Кандрата Крапівы «Нас ня любяць, нас баяцца».

Нас ня любяць, нас баяцца

Поп кудлаты і кулак,

Бо рашыў за працу ўзяцца

Камсамольскі маладняк.

Хто супроць нас? Прэч з дарогі!

Бачыш нашу грамаду?

Мы саб’ем і чорту рогі,

Богу вырвем бараду!

Хто такі Бог, мы, жаўтароцікі, вядома ж, ня мелі аніякага ўяўленьня, але як гэта нам падабалася! Бо як бадзёра, мажорна гэта гучала і як вобразна, ярка, зрокава паўставала перад вачмі!

Пачаўшы з трох-чатырохгадовага ўзросту «рваць Богу бараду» — куды, да якіх духоўных вышыняў дойдзеш? Што застанецца ня толькі ад «барады», але і ад самога Бога гадоў праз дваццаць? I ад божых храмаў на зямлі? I ад божых запаведзяў у душы і сэрцы? I ад народных сьвяткаваньняў у гонар боскіх дзён, боскіх наказаў людзям? I ад старажытных традыцыйных народных звычаяў і абрадаў, асьвечаных верай у высокае, нябеснае, вечнае? І ці трэба зьдзіўляцца, што мы, «молодые хозяе­ва земли», так няўцямна і так раўнадушна глядзелі на тое, як апаганьваюцца і разбураюцца касьцёлы, цэрквы, капліцы, выварочваюцца каменныя крыжы і пліты на магілах продкаў? А наступіць жа, прыйдзе час — і давядзецца аднойчы людзям майго пакаленьня, і старэйшым, і маладзейшым — глянуць на ўсё гэта зусім па-іншаму і з жахам зразумець, у якую бездань бездухоўнасьці і дзікунства цягам многіх дзесяцігоддзяў піхалі нас, ды і ўзмаліцца, хоць і ня ўмеючы: даруй, Госпадзе, і прымі пакаяньне цёмных і неразумных,— хоць перад блізкай магілай прымі!.. I яшчэ могуць хоць трохі ўцешыцца тыя, што пасьпелі гэта зразумець і пакаяцца не зусім запозна, і яшчэ мелі і маюць магчымасьць пажыць і папрацаваць з вачыма, прамытымі крынічнай вадою ісьціны, з душою і сэрцам, ачышчанымі ад накіпу пошласьці і цынізму, ад іржы хлусьні і хцівасьці. Але колькі яшчэ няшчасных, выклятых небам, што так і не знайшлі дарогу да храму, што так і не раскаяліся, так і працягваюць заставацца паслугачамі д’ябла і шкадаваць аб д’ябальскім мінулым!