Читать «Між роспаччу і надзеяй» онлайн - страница 10

Ніл Гілевіч

Бацька мой, Сымон Пятровіч (нараджэньня 1904 году), быў, у адрозьненьне ад мамы, чалавекам пісьменным — ажно тры зімы хадзіў у царкоўна-прыходскую школу. Гэту базавую адукацыю ён, здаецца, даволі істотна падвысіў пазьней, пасьля рэвалюцыі, шляхам самаадукацыі як вясковы актывіст-камсамолец і асабліва — за час службы ў чырвонай арміі, адкуль вярнуўся з трыма трохкутнічкамі на пятліцах. Ва ўсякім разе, пісаў досыць граматна (праўда, лексічна — на «трасянцы»), любіў чытаць газеты, часам сядзеў і з кнігай у руках, прычым, вершы, помніцца, меў звычку чытаць уголас, каб і другія чулі. Помню, як напрадвесьні 1943-га, калі мы ўсёй сям’ёй жылі ў «бежанцах» у Айнаравічах, у мамінай сястры Ганны, ён прыносіў ад Валодзі Доўгага, былога загадчыка Слабодскага ДСК, кнігі, і менавіта паэзію: «Выбранае» Купалы, «Байкі» Крылова... Верш Купалы «Праступнік» чытаў з прэтэнзіяй на артыстычнасьць і амаль патрабуючы, каб прысутныя слухалі. Было бачна, што верш яму вельмі спадабаўся,— мабыць, горкай іроніяй. Дзякуючы яму, і я вершы з гэтае кнігі ня проста чытаў, а дэкламаваў, упіваючыся іх рытмамі, музыкай радкоў. Зборнічкі паяўляліся ў нашай хаце і ў самыя першыя гады пасьля акупацыі, калі бацька працаваў у РВК у Лагойску,— гэта былі кніжачкі бібліятэчак «Огонька» і «Крокодила». Увогуле, да літаратуры, ня толькі да чытаньня, але і да спробаў выказацца пісьмова самому, цяга ў яго была несумненная. У канцы 40-х — пачатку 50-х некалькі разоў апублікаваў у раённай газеце невялічкія допісы. А аднойчы я, ужо студэнт універсітэту, быў нямала зьдзіўлены, калі ў насьценнай газеце ў сельсавеце прачытаў сатырычны «сьцішок» з размашыстым подпісам С. Гілевіч — на ягонай «рускай» мове, вядома ж. Са «сьцішка» мне і дагэтуль помняцца два радкі:

У их работа такога сорта,

Што всё ссылаюцца на бога да на чорта.

Усе даваенныя гады — з 1928 па 1941 — бацька быў гэтак званым нізавым савецкім службоўцам — старшынёй аднаго сельсавету, другога, трэцяга, адзін час нават сакратаром райвыканкаму, і ўсё далёка ад дому, ад сям’і, да якой наведваўся толькі на выхадны, у нядзелю, але з намі, дзецьмі, амаль не займаўся (перахоплівалі сябры), яшчэ менш займаўся гаспадаркай, так што нярэдка мама сама секла на дрывотні альховыя палкі, каб затапіць раніцай печ ці вечарам грубку. За доўгія гады ён, пэўна, прывык да такога жыцьця бацькі-госьця, бо калі за год да вайны стаў старшынёй нашага Слабодскага сельсавету і жыў дома — у яго адносінах да сям’і і свайго двара мала што зьмянілася. Нярэдка пасьля рабочага дня ён заставаўся дапозна ў сельсавеце — гуляць у шахматы, і мы, малыя, у чаканьні вячэры, ня раз чулі маміны горкія нараканьні: «I колькі ж ён будзе там ганяць тых «коней», каб яны павыдыхалі ўсе! Бяжы, сынок, і скажы, каб зараз жа ішоў дадому!..»