Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 75

Алена Васілевіч

Восем іх было у сёмай, Дружных і сварлівых. Колькі дзён для іх прабегла Радасных, шчаслівых!..

Або: ідзе экзаменацыйная сесія. Наш сёмы «в поте лица» ўгрызаецца ў граніт навук. I тут жа, побач, пад рукамі, як заўсёды, штурхаецца мая муза:

Мінавала даўно поўнач, Пеўні праспявалі. Ноч з усходам гаманіла, А ў нас не спалі…

Выдатныя гэтыя вершы, вядома ж, перш за ўсё ідуць на агульны ўжытак нашага пакоя і становяцца яго класікай: усе дзяўчаты, як адна, ведаюць іх на памяць ад першага да апошняга радка! Вершы гэтыя прыгожа запісваюцца таксама ў мой агульны сшытак — бязмоўную труну ўсіх мёртванароджаных дзяцей мае музы…

У інстытуцкім альманаху, адціснутае Мікалаем Ламакам, недзе на самай апошняй старонцы, самае апошняе месца займае маё паэтычнае мяшчанства — вершы пра каханне.

Дзяўчаты загрызаюць мяне, чаму я не надрукую ў альманаху верш пра наш пакой… Каму не хочацца славы і бяссмерця! А я, дурная, замест таго каб узводзіць помнікі, замуроўваю сяброўства.

Тым часам надыходзіць дзень, які прымушае ўсіх нас успомніць і падумаць перш за ўсё пра грэшную зямлю. Надыходзіць час нашага размеркавання на работу. I вось тут упершыню па-сапраўднаму кожны з нас прадстае, як перад самім богам, перад Дзяржаўнай камісіяй. Перад гэтым даўжэзным, як зялёнае поле, сталом усе нашы характары праходзяць голыя, як навабранцы. Тут ужо нас не зблытаеш і не абагуліш!

Адзін на карце Беларусі — яна вісіць на ўсю сцяну збоку ад Камісіі — будзе выбіраць школу абавязкова на чыгунцы ці непадалёку ад яе. Каб было зручней трымаць сувязь з цывілізацыяй… Другі пацікавіцца, а якая ў яго будучай школе мясцовасць, якія краявіды: ці ёсць паблізу рэчка і лес. Каб не трапіць у якое-небудзь сяло сярод голага поля… А трэці раптам прыкіне, ці можна будзе маладому настаўніку прыдбаць уласную кароўку або трымаць парсюка: як ні кажы, на новым месцы, на самым пачатку забудавання новага жыцця спатрэбіцца нямала выдаткаў, і адной настаўніцкай зарплатай наўрад ці абыдзешся…

Даходзіць чарга да мяне. Недзе на Віцебшчыне, ці не толькі на самай граніцы з Літвою, ёсць нейкая Шаркаўшчына (якая шурпатая назва!). Там патрэбны літаратары. Ехаць туды?.. А зрэшты, чаму не паехаць выкладаць мову і літаратуру ў гэтую шурпатую Шаркаўшчыну?.. Кажуць, там ёсць возера ці азёры… Можа, яна якраз будзе не горшая за Фросіна гладкае, як паліваны збанок, Глыбокае? Да таго ж яны недзе ў адным баку… Падпісваюся пад Шаркаўшчынай.

На краі свету

У суботу, пасля лазні, мы з Фросяй прыйшлі ў інтэрнат і сушым валасы. Я сяджу на ложку раскудлачаная, у старой аблезлай сукенцы.

З трэскам расчыняюцца дзверы — на парозе Надзька Бохан: