Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 73

Алена Васілевіч

Яны прыйшлі на мой «юбілей» удваіх з Жэняй («па-сямейнаму», — рагоча Вольга). Жэня ўжо цяжарная. Ёй ужо то млосна, то хочацца кіслага… Дурная, патрэбна ёй было тое замужжа, хоць Бірукоў і добры хлопец. Як быццам ім нехта перашкаджаў — і так жа кожны дзень Бірукоў тырчаў у нашым пакоі да адбою, пакуль мы яго ўжо не выганялі. Не, захацелася ажаніцца… Дурная Жэнька!

— Прашу ўсіх напоўніць бакалы, — аддае загад Бірукоў і налівае перш за ўсё ў маю пасудзіну — адразу з усіх трох бутэлек: гарэлкі, віна, піва.

Дзяўчаты працягваюць Бірукову свае «бакалы» — шклянкі і кубкі ўсіх магчымых калібраў, — і Бірукоў налівае ім таксама.

— Хто хоча выказацца? — зусім як у сябе на пасяджэнні камсамольскага камітэта, вядзе далей наша застолле Бірукоў.

— Лепш за цябе, Бірукоў, усё роўна ніхто не здолее, — кажа Фрося.

Бірукоў сам гэта ведае: лепш не скажа ніхто і больш ніхто не скажа. Бірукоў страшэнна любіць прамовы. Ён іх гаворыць на кожным сходзе. Гадзіны па дзве: пра ўсё на свеце — і пра міжнароднае становішча, і пра адказнасць камсамольцаў нашага інстытута ў святле адпаведных рашэнняў, і пра дысцыпліну, і пра паспяховасць…

— Ладна. Згодзен, — зноў як у сябе ў камітэце, упіраецца даланямі ў край стала Бірукоў. — Таварышы! — Ён урачыста выпростваецца. Міжвольна выпростваемся і мы ўсе. — Мы з вамі сёння адзначаем знамянальную дату… Таварышы, сёння спаўняецца васемнаццаць год Ганне Гурновіч. З сённяшняга дня яна становіцца паўнапраўным грамадзянінам нашай квітнеючай Савецкай сацыялістычнай дзяржавы. Паводле асноўнага закона нашай Радзімы, па Сталінскай Канстытуцыі, яна ўжо атрымлівае права прымаць удзел у выбарах органаў нашай Савецкай улады… Таварышы, пажадаем нашай Ганьцы ў гэты ўрачысты яе дзень камсамольскага агню і запалу і пажадаем ёй стаць сапраўдным грамадзянінам нашай Савецкай дзяржавы!.. Праўда, у Ганькі не заплочаны камсамольскія ўзносы за апошнія два месяцы…

— Адчапіся ад яе! — перабівае красамоўства свайго камсамольскага мужа Жэня. — Дай лепей усім выпіць і закусіць, усе галодныя…

— Дазваляю! — чокаецца з усімі намі Бірукоў і першы п’е свой «бакал».

Усе п’юць.

I я, вядома, п‘ю… Ну і брыдота ж! I горка, і соладка…

— Запі вадою, запі вадою! — раіць мне Жэня.

Я запіваю вадою.

Бірукоў налівае ўсім па другому разу. Цяпер ужо жадаюць мне дзяўчаты: і стрэчы, якой я чакаю, і добрай школы, як буду атрымліваць назначэнне, і паспяховых дзяржаўных экзаменаў…

(Калі ўсё гэта яшчэ будзе!)

Потым у нас пачынаюцца танцы. «Пад ензык», як сказаў бы пан Адальф Быкоўскі. «Пад ензык»… Сам Бірукоў іграе нам на губным гармоніку з расчоскі і тонкае курыльнае паперы. Атрымліваецца выдатна. Нашто табе той аркестр…

Мне на гэтым маім «юбілеі», бадай, весялей за ўсіх. Я моцна смяюся, штурхаюся ў крузе, наступаю на ногі. Мне хочацца нейкіх незвычайных дзеянняў, а наш пакой не дае мне разгарнення.

— Хадзем танцаваць на двор! — крычу я на ўвесь пакой.

— Яна здурнела — на дварэ снег ідзе! — падае ад смеху на ложак Вольга.

— Я хачу на снег! — мяне ўжо не ўтрымаць.

— Я табе зараз дам снегу! — стрымлівае мяне Фрося.