Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 76

Алена Васілевіч

— Ганька, цябе выклікаюць! — бразь дзвярыма — і няма.

Хто выклікае, чаго выклікае… Куды — вядома. Выклікаюць усіх нас звычайна да дзвярэй тэхнічкі Кабетавай. Там у нас своеасаблівы прапускны пункт. Я намерваюся бегчы за Надзькай.

— Куды ты! Зірні на сябе ў люстра!.. — стрымлівае мяне Фрося.

Я спехам расчэсваю валасы і бягу да дзвярэй Кабетавай.

Каля акна, абапёршыся на падаконнік, стаіць высокі хлопец у новенькай, з іголачкі, курсанцкай форме, Лазоўскі?!.

— Добры дзень!

— Добры дзень… — я, як спынілася ад нечаканасці, за тры крокі, так і не скранулася з месца.

— Ну, дык, можа, мы хоць павітаемся!.. — Лазоўскі адходзіць ад акна, бярэ мяне за рукі, лёгенька прыцягвае да сябе: я ледзь дастаю галавой да яго плечука.

— Ого! Дык ты вунь ужо якая вырасла!..

Мне прыемна гэта чуць, але ўсё роўна…

— Чаго ж ты маўчыш? Не рада, што я прыехаў?

Гэта я не рада… Я такая радая, што вось-вось заплачу ад радасці…

А ў нашым пакоі дзяўчаты дзівяцца: чаго гэта мяне так доўга няма, хто там мяне выклікае.

Вольга і Насця ідуць у разведку.

— Глядзі — Лазоўскі прыехаў!.. — пазнае і пырхае ад смеху Вольга.

Насця кідаецца назад у пакой.

— Дзяўчаты, да Ганькі Лазоўскі прыехаў!

Вольга крочыць напралом.

— Здароў, Лазоўскі! — сама першая падае яна яму руку. — Во які вымахаў! I ўвесь у значках, як генерал усё роўна! — Вольга мацае значкі на гімнасцёрцы ў Лазоўскага.

— А ты чаго ж не расцеш? — жартуе Лазоўскі і кружыць Вольгу вакол сябе.

Вольга рагоча на ўвесь калідор:

— А твая Ганька вельмі вырасла.

Я прападаю ад сораму: «твая…»

— Ганька вырасла…

— Усё роўна, які дзічок была, такі і засталася, — рагоча Вольга і накідваецца на мяне. — Дык чаго ж ты трымаеш яго тут, пад дзвярыма? Жаніх прыехаў, а яна…

«Жаніх…» Я ўжо зусім гіну. А Вольга, нібыта гэты жаніх прыехаў не да мяне, а да яе, смела бярэ Лазоўскага пад руку і — дрып-дрып — дробненькімі крокамі вядзе яго па калідоры ў наш пакой. На Вользін голас і гаману то адны, то другія адчыняюцца на калідоры дзверы. I тут жа з трэскам захлопваюцца: па калідоры ідзе гэтакі бляск!

— Бачылі нявесту! — з парога крычыць нашым дзяўчатам Вольга. — Каб не я, дык яна і да ночы не здагадалася б запрасіць жаніха ў пакой.

Зноў жаніх!

— Здравія жалаю! — выцягваецца ў струнку і прыкладвае руку да бліскучага казырка — вітаецца з дзяўчатамі Лазоўскі.

Фрося як старэйшая сярод нас ідзе вітацца з Лазоўскім першая. Потым па чарзе вітаюцца ўсе дзяўчаты.

— Чаму ж не напісаў? Страчалі б, — кажа Фрося.

— Хацеў так… Хацеў захапіць знячэўку, — смяецца Лазоўскі.

— Дык і захапіў! — рагоча Вольга.

I толькі цяпер усе абарочваюцца да мяне і заўважаюць, які ў мяне выгляд. А мне лепей бы скрозь зямлю праваліцца ў гэтай маёй аблезлай сукенцы. Які сорам!

— Ану, пайдзі на кухню і пераадзенься — надзень другую сукенку, а гэту скінь. — як малой, загадвае мне Фрося.

— Лепей я выйду. Заадно і пакуру… — кажа Лазоўскі — яму, відаць, таксама закурыць не лішне.

— I я з табою пайду, каб цябе там дзяўчаты ў чужы пакой не перахапілі, — смяецца Вольга.

— А ты, Вольга, зусім не перамянілася, — прапускае Вольгу наперад Лазоўскі.