Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 72

Алена Васілевіч

— Колечка, можа, ты сёння мне папішаш?

— Ты ж не просіш.

— Вось жа прашу…

— На Дняпро пойдзеце? — здагадваецца Коля.

— Не ведаю куды. Я толькі ведаю, што паміраю…

— Жыві! — і Коля Маўчан забірае мой канспект па ўводзінах у мовазнаўства.

…Паступова Коля прывыкае да нашых дзяўчат і зрэдку пачынае заходзіць у наш, сёмы, пакой. Мы яго запрашаем усе наперабой — ён жа наш выратавальнік! Ходзіць з намі ў кіно. У кіно мы і ўдваіх з Маўчанам ходзім.

— Ой, глядзі, будзе табе, як даведаецца Лазоўскі, — пагражае мне Вольга.

— А за што будзе? За што будзе?

— За Кольку Маўчана.

— Ты ўжо зусім здурнела!

— Пабачыш, — рагоча Вольга. — Ужо ўсе дзяўчаты бачаць…

Усе бачаць… А што яны бачаць?

У гэты вечар мы з Колем Маўчанам сварымся. Я кажу яму, што хадзіць яму ў наш пакой няма чаго. Няма чаго рабіць яму ў нас. Але Маўчан усё роўна што слуп!

— А вось і буду хадзіць!

Вы бачылі такога Маўчана?

«Юбілей»

— Сухай, — кажа Адам Бірукоў, — ён глытае «л» перад галоснымі, і таму ў яго атрымліваецца «сухай», — безабразіе! Юбілей — трэба ж адзначыць!

— Як?

Бірукоў чухае патыліцу.

— Значыць, так… Шурум-бурум я бяру на сябе… Ты з дзяўчатамі арганізуй толькі рабочае месца. Талеркі там, відэльцы…

Ну «рабочае месца» арганізоўваецца ў нас вельмі проста… Тыдзень назад загадчык студэнцкае сталоўкі вывез з нашага інтэрната цэлую падводу посуду: талерак, шклянак. Такая ўжо завядзёнка ў інтэрнаце: посуд для ўласнага ўжытку мы цягаем са сталоўкі. Ну і, вядома ж, хто гэта будзе насіцца з лыжкамі і талеркамі назад у сталоўку? Смех! Каму трэба — няхай той і забірае. Няхай на падводзе, няхай на тачцы ці хоць на цягніку… Апошні раз загадчык сталоўкі прыганяў падводу.

Дастаўка сталоўскага вінегрэту і гуляшоў на юбілей — таксама абавязак нашага пакоя. Усё ж астатняе — нейкія кансервы, селядцы і нават каўбасу — Бірукоў дастаўляе сам. Ну і, вядома ж, выпіўку: бутэльку гарэлкі, бутэльку чырвонага віна і піва.

— Ну, я вас сёння паўпойваю, — абяцае нам Бірукоў.

— Пабачым яшчэ! Ты ведаеш, як я п’ю гарэлку? — пытаецца Вольга ў Бірукова.

Не, Бірукоў не ведае. I ніхто з нас, дзяўчат, не ведае гэтага. Мы ведаем другое: Вольга страшэнна любіць узнімаць уласныя акцыі.

З якога выпадку рыхтуецца папойка? Рыхтуемся адзначыць мой «юбілей» — мне спаўняецца васемнаццаць год.

— Ганьку трэба ўпаіць! — рагоча Вольга.

— Не бойся, я не ўп’юся!

Урачыста сядаем усе за стол. Наша гаспадарлівая Фрося зрабіла ўсё так прыгожа, што і сапраўды ў нашым пакоі — свята.

I самае галоўнае — я прычына гэтага свята… У маім жыцці яшчэ ні разу ніхто не адзначаў майго дня нараджэння.

— Ну, з цябе і пачнём! — урачыста ўстае са старшынскага месца Бірукоў і бярэ маю шклянку.