Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 70

Алена Васілевіч

Вось чаму адказвае мне ў той жа дзень, як атрымаў маё пісьмо, Лазоўскі: я не павінна гарачыцца, не павінна рабіць глупства (Лазоўскі так і піша: «глупства»), не павінна кідаць інстытут.

«Добра яму разважаць», — не згаджаюся я.

Праз некалькі дзён выходзіць пастанова.

Перад дзвярыма кабінета дырэктара інстытута выстройваецца чарга студэнтаў з заявамі. Наш Андрэй Ануфрыевіч вельмі добры чалавек, але чым ён можа дапамагчы нам? Не заплаціць жа за ўсіх нас за навучанне. Не дасць стыпендыі ўсім тым, у каго не хапае сямідзесяці пяці працэнтаў выдатных адзнак за апошнюю сесію. Адно «здавальняюча» — і стыпендыі няма…

З кабінета з рэзалюцыяй дырэктара на заяве: «Аформіць перавод на завочнае аддзяленне» выходзяць адзін за другім студэнты. Адсюль, з інстытута, яны адразу ж бягуць у райана, каб «захапіць» лепшы раён (бліжэй да інстытута, бліжэй да чыгункі). Хутка натоўп будзе і там.

Стаіць у чарзе да дырэктара і наш пакой, стаю і я. Аня Славіна і Ліна Мітраховіч ужо атрымалі рэзалюцыі, яны ўжо бягуць займаць чаргу ў райана.

Астаюцца ў нас Вольга Башаркіна і Жэня Шурына. У Вольгі ў Мінску брат інжынер, і яго жонка вельмі вучоная. Яна штомесяц прысылае Вользе пасылкі і грошы. Вольга нам хваліцца: «Наша Шурка ў сто разоў лепшая нават за Іллю…»

А Жэня Шурына выходзіць замуж. Яны з Біруковым вырашылі больш не цягнуць і пажаніцца. «Чорт яго бяры, усё роўна!» — кажа Жэня. Цяпер яна, вядома, скончыць інстытут.

Застаецца ў інстытуце і Фрося Брыкет. Фрося больш разлічвае на сябе, чым на нейчую помач. «Я не затым паступала ў інстытут, каб не выцерпець адзін год…» Ёй у жыцці даводзілася цярпець куды больш. Яна выцерпіць.

Мая чарга ўсё набліжаецца і набліжаецца да дырэктарскіх дзвярэй. Наперадзе мяне стаіць Коля Маўчан. Зойдзе ён, а за ім і я. Коля заходзіць, і ў гэты самы час у калідоры паказваецца расхрыстаная Вольга.

— Дзе Ганька?! Ганька, ты яшчэ не была? Табе тэлеграма!

Тэлеграма ўжо прачытана. Тэлеграма такога зместу: «Ганька, не кідай інстытута. Паможам кончыць. Валодзя».

…Калі ж яны паспелі прачытаць газету? (Дадому нам ідзе «Звязда» — Валодзя выпісаў.) Калі паспелі даць тэлеграму?..

— Ганька, дурная, крычы «ўра»! — расчырванелая, скача Вольга. А я стаю і сапраўды не ведаю, што мне рабіць.

— Бачылі такую дурную! — цешыцца з мяне Вольга.

Чарга ля дырэктарскіх дзвярэй уздыхае: ёсць жа людзям шчасце…

Вольга цягне мяне ў інтэрнат.

Праз дзень прыходзіць мне пісьмо з Ленінграда. «Ты, Ганна, рабіць глупствы здольная… Дык вось кажу табе: не ўздумай кідаць інстытут. Мы з Лізаю паможам табе дацягнуць гэты год. Сцёпа».

I я застаюся канчаць інстытут.

Коля Маўчан

На нашым курсе ён самы малодшы, і прозвішча яго дзіўна пасуе да яго характару. Сядзіць Коля за самым заднім сталом, яго не відно і не чутно. Хіба толькі з сябрам Аркадзем Русаковым на перапынках пачнуць дурэць і дужацца, як маленькія. А то яшчэ Аркадзя схопіць і пачне паказваць і чытаць усяму курсу Маўчанавы шаржы і эпіграмы на выкладчыкаў. Шаржы ў Маўчана смешныя і вершы вясёлыя. Вось табе і Маўчан! Хто б гэта падумаў! Выкладчыка стараславянскай мовы Блешанкова, напрыклад, ён малюе падобным на юса вялікага ётаванага. Усе паміраюць са смеху: падабенства выключнае.