Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 69

Алена Васілевіч

— Ды так… Па дарозе…

— А я думаў, што мо які знайшоўся… Падарыў кветкі… — самому Колю, безумоўна, такое глупства ў галаву не прыйшло б. Яшчэ чаго не хапала: кветкі…

— Ну, што ты, Колечка!.. — яшчэ гэта дурное возьме ды кіне мяне тут з маім чамаданам, з маімі пакункамі.

Я нясу кветкі, нясу Колеў чорны чыгуначны шынель (у Маўчана бацька чыгуначнік) і ледзь паспяваю ззаду. Коля з чамаданамі, з пакункамі ў абедзвюх руках крочыць паперадзе. Як добра!

— Ты нічога не чула там, у Ленінградзе? — пытаецца Коля.

— Не, нічога. А што?

— Ды нічога. Ёсць чуткі, што хутка ў інстытутах увядуць плату за навучанне.

— Што ты! Дзе ты гэта чуў?

— Чуў… I стыпендыю, кажуць, у студэнтаў здымуць…

Вярзе нейкае глупства — няйначай пачуў, як бабы там, у яго Крупках, плявузгалі.

— Пабачыш, — гаворыць Коля.

— Гэтага не можа быць!

— Усё можа быць.

Маўчан на год маладзейшы за мяне, а трымаецца так, нібыта ён усё на свеце ведае. Падумаеш!..

— Пабачым, — мне зусім не хочацца азмрочваць свой сённяшні настрой нейкімі дурнымі чуткамі… Мы з Лазоўскім дамовіліся, і ў інтэрнаце мяне павінна ўжо чакаць яго пісьмо…

Коля аддае мае рэчы каля самага майго інтэрната.

— Данясеш сама?

— Ой, Колечка, дзякуй табе!

— Ну, да заўтра.

…Чутка, якую ўпершыню пачула я ад Колі Маўчана, неўзабаве пачынае хадзіць па ўсім інстытуце. Няма яшчэ афіцыйнай пастановы, але ўсім ужо добра вядома: навучанне будзе платнае. I стыпендыі не будзе. Ці будзе толькі выдатнікам. Настрой студэнтаў падае ўвачавідкі. Вельмі мала ёсць сярод нас такіх, якія здолеюць і за навучанне плаціць, і вучыцца без стыпендыі. Хто, напрыклад, здолее вучыцца на такіх умовах з дзяўчат нашага пакоя?.. Я першая вымушана буду пакінуць інстытут.

Цяпер мы ўжо не баімся прапускаць лекцыі. Усё роўна. Не ходзім у чытальню. Навошта? Не рыхтуемся, або калі рыхтуемся, то толькі так, абы здаць. Якая карысць?..

Усе мы жывём толькі чуткамі пра пастанову: увесці платнае навучанне, зняць стыпендыю…

Пра свой уласны настрой і пра агульны настрой у інстытуце я, вядома, пішу і Лазоўскаму. Можа, мне не чакаць пастановы, а цяпер, загадзя, шукаць нейкае школы? Бо тады, калі ўсе кінуцца з інстытута, — тады не так проста будзе і месца знайсці. Гэты настрой таксама пануе ў нас у інстытуце: можа, не трэба чакаць?

Лазоўскі не падтрымлівае майго настрою. Кінуць інстытут я паспею заўсёды… Не заўсёды ўдаецца яго скончыць. Не трэба спяшацца… У Мінску, у тэхнікуме, вучацца яго малодшыя брат з сястрой. Сястра скардзіцца, што цяжка вучыцца. Вядома, нялёгка, з дому ім амаль не памагаюць (няма з чаго), а стыпендыя ў тэхнікуме вядома якая… Ён крыху памагае брату і сястры: друкуе сёе-тое ў мясцовай і сваёй акруговай газетах і пасылае ім ганарар.

«Сёе-тое» — я цяпер ужо ведаю, што гэта, — Лазоўскі піша вершы, піша нешта прозай. Мне пра сваё пісанне, калі я прашу, ён расказвае ў пісьмах неахвотна. «Ат, якія там вершы, якое там што… Мне яшчэ трэба вельмі многа вучыцца, каб лічыць сур’ёзным гэты занятак. Мне не хапае вельмі многіх ведаў, а тут, у арміі, атрымаць іх у мяне няма ні часу, ні ўмоў…»