Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 8

Валерый Гапееў

І спакойны твар. Заплюшчаныя вочы, сціснутыя вусны. Далібог, так паміраюць у сне, без болю і тугі.

— Вось дык маеш… — прысвіснуў старшы з аператыўнікаў. — Тамара Сяргееўна, рана скразная. Уваход з правага боку, а выхад — вось, — аператыўнік пацягнуў труп за руку і павярнуў цела на правы бок.

Другая невялікая рана была амаль без слядоў крыві, але дастаткова выразнай, каб казаць пра тое, што яна звязана з ранай на правым баку.

 — І што такое можа быць? — Тамара амаль не выказала свайго здзіўлення, памацала рану пальцам. — Не надта вострае, атрымліваецца, скуру быццам парвала, а не разрэзала.

— Ды вось першае ў галаву прыйшло, — шомпал, — адказаў аператыўнік.

— Тады хутчэй нейкі самаробны шампур. Насадзілі яе, як кавалак мяса, — не згадзілася Тамара. — Уваходная адтуліна велікаватая для шомпала. Дакладна эксперт скажа. Прыкрыйце чым яе. — нечакана папрасіла Тамара. — Занадта яна. жывая.

Пракурор павярнулася да мяне з працягнутымі рукамі, я дастаў з кішэні пачак вільготных сурвэтак і выцягнуў дзве — сабе і ёй.

Калі труп загрузілі ў машыну аператыўнікаў, Тамара прысела на вялікі шэры камень, які відавочна выцягнулі на ўзмежжа з поля, і коратка прапанавала:

— Выказваемся.

— Маем труп голай бабы, няйначай ведзьмы, — скрывіўся ў спробе ўсміхнуцца адзін з аператыўнікаў.

— Ну, яна не ведзьма, — нечакана ўмяшаўся ўчастковы Тумар. Ён працёр сваю вільготную лысіну, але фуражку чамусьці не надзяваў. — Ва ўсякім разе, людзі нічога такога не казалі пра яе. А вось бацька — так.

— Што — так? — папрасіла ўдакладніць Тамара.

— Бацька яе — у мінулым вядомы вядзьмак, лячыў людзей, а больш — скаціну. Дзяцей ад спалоху адшэптваў. Казалі, мог і зелле для жанчын прыгатаваць, каб мужыка ўтрымаць ля сябе, — нехаця распавёў Тумар. — Ды не глядзіце на мяне так! Вядзьмак — ён і ў нас вядзьмак, і ў Афрыцы. Сам у яго гадоў колькі таму з жыватом быў. Так хапіла было жывот — нічога рады даць не магло, і дактары рукамі развялі.

 — І чым лячыў? Шаптаў можа? — пакпіў нехта.

Тумар зірнуў на аператыўніка, які задаў пытанне, сарваў травінку і стаў, кусаючы яе, расказваць з лёгкай крыўдай, бы дзіця, якому не вераць:

— Як чалавек здаровы — ён з усяго смяяцца можа. А як прыцісне, калі стане не да смеху — пабяжыш, папаўзеш хоць да ведзьмака, хоць да чорта лысага. Кажу праўду: так скруціла было — ні халеры не дапамагала. На хуткай прыехалі, праверылі: апендыцыту — няма, тэмпературы — няма, панос не ганяе. Ляжы, цярпі, будзем назіраць незразумелую клінічную карціну! Ага, уляжыш. Мяне зяць у машыну закінуў — і паехалі. Зміцер. ну, вядзьмак, бацька вось забітай, мне адвару нейкага даў папіць, бы з грушак. А пасля на печ загнаў. І кажа: злазь, галавой і рукамі наперад.

— Як? Спаўзаў?

— Ну так, спаўзаў. З печы — на палок, з палка — на падлогу, тады ўжо ўстаў.

 — І як? — першы раз за ранне ўсміхнулася тонкімі сухімі вуснамі Тамара.

— Ды пайшоў, як нованароджаны, — бы нехаця закончыў Тумар, і зірнуў на Тамару: — Не верыце?

— Чаму тут не верыць? — паціснула плечукамі Тамара. — Мая бабця свайго сына, майго дзядзьку так лячыла. Нескладанае вядзьмарства. Так лечаць, калі пуп надарвеш. Цяпер ужо і не ведаюць мужыкі, як тое і дзе — пуп надарваць. А раней. Так, давайце бліжэй да справы. Вядзьмак не ўцячэ ад нас. Адна-адзінюткая рана, ніякіх сінякоў, драпінаў. Голая. З’явілася ноччу. Значыць, шукаем мужчыну. І думаем, чым такім маглі ўдарыць. Давай, Тумар, кажы найперш пра яе каханка.