Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 3

Валерый Гапееў

— Законы. Законы! — выгуквала яна, страсала попел так, што той ляцеў ва ўсе бакі ад попельнічкі. — Сістэматычна збіваў, двойчы гвалтаваў пасля разводу ўжо, зневажаў прылюдна, апошні раз збіў і амаль згвалтаваў на вачах дванаццацігадовай дачкі, — а нельга кваліфікаваць яе дзеянні станам афекту!

Так, нельга было. Тым больш, пасля таго, як адхрыпеў і заціх мужык, яна разам з дачкой зацягнула труп на суседскі падворак і перакінула ў высахлы калодзеж. Яшчэ і галлём зверху прыкінула… Жанчына сядзела ў маім кабінеце, не жанчына, а бясполая істота з толькі адным жывым інстынктам — мацярынскім, бы і не чалавек ужо, і сам я злаваўся немаведама на што: жанчыне цяпер трэба доктар, сапраўднае лячэнне, а яе чакае зона гадоў на дзесяць…

«Дзясятку» яна і атрымала, але праз паўгода ўнеслі змяненні ў азначэнне таго самага стану афекту. Ніколі раней не бачыў такой радаснай Тамары:

— Я даўно казала, даўно: стан афекту можа быць выкліканы шэрагам падзей, разнесеных у часе, і доўжыцца не хвіліны, а дні і тыдні! Дайшло да іх, нарэшце! Гэтулькі жыццяў скалечылі!

Яна сама вярнула справу жанчыны-забойцы на паўторны разгляд у суд. І жанчыну вызвалілі на судовым працэсе.

Чамусьці менавіта той выпадак згадваецца мне між позіркам на высвечаны нумар і націсканнем кнопкі адказу.

— Слухаю, Тамара Сяргееўна.

— Васіль, ты ідзеш? — хрыпата пытае пракурор.

 — Іду, Тамара Сяргееўна! — асцярожна адказваю я, імкнуся па тоне ўгадаць прычыну нечаканага званка. — Дзесяць хвілінаў — і буду.

— Ага, давай. Не пужайся, усё добра. Я тут сяджу, чакаю. заходзь да мяне адразу.

На душы лягчэе. Ну і цудоўна. А чакае. ну, няхай пачакае. Галоўнае — голас спагадлівы і дадала, што ўсё добра. Наша Тамара не з тых начальнікаў, якія хаваюць камяні за пазухай. Калі што не па ёй, яна не будзе выбіраць час і месца, трымаць нешта на ўсякі выпадак. Сказала не пужацца — значыць, учорашняе застолле не нясе для мяне непрыемнасцяў.

Калі мне паведамілі, што накіроўваюся следчым у пракуратуру, якую ўзначальвае жанчына сарака пяці гадоў, асаблівых эмоцый у мяне не ўзнікла. Бо жанчыны-пракуроры — даўно вядомая практыка. І, як сведчыла неафіцыйная статыстыка, ступень іх сцярвознасці ніколькі не пераўзыходзіла ступень ссучанасці мужчын-пракурораў. Карацей, як пашанцуе, то і з жанчынай-начальнікам можна жыць, а як не — дык не.