Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 2

Валерый Гапееў

Мне спадабаўся райцэнтр пасля тлумнага Мінска: варта выйсці на працу ўсяго на паўгадзіны раней — і табе ніхто не сустрэнецца наперадзе, ніхто не будзе даганяць ззаду. Нечакана для сябе я зрабіў адкрыццё: тут можна пабыць самотным без асаблівых высілкаў. Увесь горад жыве паводле аднаго вялізнага нябачнага будзільніка. Праз хвілінаў трыццаць — сорак з’явяцца першыя аўтамабілі, пасля — веласіпедысты, потым тратуары пачнуць запаўняцца мінакамі. А пакуль — цішыня, адно мае крокі. Вечарамі ў нейкі момант вуліцы імкліва пусцеюць, цішэюць, нешматлікія пары-тройкі моладзі ў пагусцелай шэрасці, якая глушыць гукі, брыдуць з аддаленых куткоў у цэнтр — там іх месцы тусоўкі, там некалькі ліхтароў і лавы ў ценю.

Яшчэ мяне прывабіў правінцыйны гарадок сваім адчуваннем прасторы.

Тут няма старых вуліц жыдоўскай забудовы, дзе дарогу шырынёй толькі каб аўто праціснуцца, падпіраюць сцены дамоў, і ты ідзеш міма вакон, бы які злодзей — на адлегласці выцягнутай рукі ад пакрытых пылам шыбаў. Вуліцы прыватнай забудовы ў райцэнтры шырокія, ад краю дарогі да хат — добры дзясятак метраў. Няма ў гарадку і сучасных вышэзных дамоў, вузкіх двароў. Тут самы высокі шматпавярховік — на пяць паверхаў, двары проста велічэзныя, у сталіцы на такой плошчы яшчэ б тры-чатыры гмахі ўціснулі. І таму тут прывольна. Нават аўтамабілям хапае месца. Праз самы кароткі час пасля мінскай таўкатні і даўкі да цябе вяртаецца адчуванне тваёй асабістай прасторы, амаль фізічнае адчуванне, і людзі вакол таксама заўважаюць яе. Тут усе быццам маюць асаблівы зрок, бачаць воблака твайго працягу вакол цябе. І нават калі падыходзяць на вуліцы, спыніўшы, — не парушаюць, не разрываюць гвалтам нябачную тваю абалонку і берагуць сваю. І ты таксама не лезеш нахабам у чужы свет, нават калі перад табой твой сябар.

Хаця, па праўдзе, сяброў у мяне тут пакуль няма. У пракуратуры я не толькі самы малады, але, бадай, усім магу дацца ў сыны па ўзросце. Хіба акрамя сакратаркі Зіначкі, трыццацітрохгадовай крэпенькай жанчыны невысокага росту з завялікімі для яе танкарысага твару пульхнымі грудзьмі.

…Тэлефон у кішэні ўздрыгвае, непрыемна, са штучнай бадзёрасцю гучыць у ранішняй застыласці электронная мелодыя. Трэба выбраць іншую…

Тамара! Хваляванне разганяе думкі: што здарылася? Ведаю я свае абавязкі, вось і выйшаў раней… Надзвычайнае нешта? Не, не можа быць… Нават калі здарылася забойства, Тамара наўрад ці пачне турбаваць за паўтары гадзіны да пачатку работы. Бо куды спяшацца? Калі недзе труп — дык пачакае, не збяжыць жа…

Трупаў у нас год ад году па-рознаму. Калі не лічыць «недапалкаў» — аматараў пакурыць п’янымі ў ложку, абгарэлыя косткі якіх пасля знаходзяць у тых жа ложках, — такіх да дзесяці за год бывае. А па крымінальнай частцы — тры-чатыры. П’яныя бойкі… І сын бацьку, і сужыцелька мужыка, і між сабой сябры-таварышы не падзеляць чаго, як перап’юць. Хаця, калі ўзняць справы хоць бы пяцігадовай даўніны, хапае і сапраўдных трагедый. Ды вось два гады таму жанчына мужа былога — касой і ў калодзеж. Не анекдот, так і было: якраз прынёс сусед наклёпаную касу — ёй і шмарганула па шыі мужыка, калі той прылёг у двары на лаўцы адпачыць пасля няўдалае спробы гвалтавання. Расследаваць, па сутнасці, не было чаго: калі з сухога калодзежа суседняга закінутага двара пачало смярдзець мярцвячынай, жанчына прызналася ва ўсім. Запісваў яе паказанні, старонка за старонкай паўставала перада мной яе жыццё, і не верылася, вось далібог, не верылася, каб дэградацыя чалавека (то я пра яе былога мужа кажу) магла праходзіць з такой неймавернай хуткасцю… З жанчынай, якую цікавіла цяпер толькі адно — будучыня дачкі, падоўгу размаўляла сама Тамара. Пасля выкурвала ў сваім кабінеце па дзве цыгарэты запар.