Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 5

Валерый Гапееў

Мы выпілі, Тамара пасунула мне попельніцу.

— Ты справу па трупеню-тапельцу закончыў?

Тое, што яна пачала размову са справы, падказала: патэлефанавала яна не толькі з жадання пахмяліцца разам.

— Закончыў, — кіўнуў у адказ. — Заключэнне паправіць крыху.

— Паправіш. — Тамара паказала позіркам на бутэльку: — Давай яшчэ па адной. і больш не будзем. Выклікала кіроўцу, паедзем зараз.

— Трупень?

— Ён самы. Ты так і жывеш без дзеўкі? — неспадзявана спыталася Тамара.

— Ды неяк часу на іх няма, — адмахнуўся я.

— Ну, вось і пазаймаешся, — без усмешкі пажартавала Тамара. — Каб не забыўся, як баба выглядае… Вясковую маладзіцу, 27 гадоў, знайшлі голай на ячменным полі. Як табе?

— Ого! — здзівіўся я. — Цікава. А дзе такія жарсці?

— Ляўдок. Ведаеш?

— Не давялося пакуль пабыць.

— Дваццаць кіламетраў па трасе, крыху ўбок. Была вёска сярод лесу, засталося пяць хат жывых. Але ж гадоў восем таму нехта першы аблюбаваў сабе хатку пад дачу. Ну і панеслася. Хоць ніяк не зразумею, дзе там цікавае: лес ды поле. Рачулка — вераб’ю па калена. Але факт: сёння там невялікі дачны пасёлак; праўда, дамкі сціплыя. Збіраюцца, адпачываюць, памідоры-трускалкі.

Завібраваў тэлефон на стале, Тамара зірнула, ціснула кнопку і коратка адказала: «Чакай».

Сама наліла яшчэ па колькі ў чаркі.

— Кіроўца прыехаў. Ты скажы, як мы на ўмоўнасцях пападаемся. От кажуць: трэба тры выпіць. І спыняцца на дзвюх ужо і няправільна, супраць нечага ідзеш. Давай, налі і чайнік уключы. Кавы пап’ем. Аператыўнікі выехалі паўгадзіны таму. Зараз, адзванюся ім.

Праз паўгадзіны мы ўязджалі роўнай лясной дарогай у вёсачку Ляўдок. Нас сустрэў ля першай хаты ўчастковы, мужчына гадоў сарака, з вялікім пукатым жыватом, мажны, амаль лысы. Фуражку ён трымаў у руцэ, не стаў яе надзяваць, калі мы прыпыніліся. Лысіна ягоная была ў дробных кропельках, хоць дажджу не было, роўнае шэрае неба ўзнялося вышэй.

— Добрай раніцы, Тамара Сяргееўна, — павітаўся ён.

— Здароў, Тумар, — адказала пракурор. — Добрыя ты нам раніцы падганяеш. Гэта мой следчы.

— Ведаем, ведаем, — участковы моцна паціснуў мне руку, і яго далонь, насуперак майму прадчуванню, аказалася сухой і шурпатай.

— Далёка яшчэ? — пацікавілася Тамара.

— Тут пешкі трэба, метраў пяцьсот, Тамара Сяргееўна, — завінаваціўся ўчастковы, быццам ён адказваў за тое, дзе цяпер знаходзіцца труп.

— Аператыўнікі там?

— Там. Чакаюць.

— Чаго чакаць? — у спіну ўчастковаму, які павярнуў на сцяжынку ўздоўж агарода, строга спытала Тамара. — Мамку?

— Ды там. там пабачыце, Тамара Сяргееўна, — незразумела адказаў участковы, але Тамара, на здзіўленне, пытанняў задаваць не стала. Мабыць, доўгая практыка падказвала: калі нечага чакаюць — так, значыць, і трэба.

— Забітая — мясцовая, з вёскі, — казаў, гучна заглытваючы паветра, участковы. — Жыла з бацькам, той зусім стары, даглядала. Не замужам, 27 гадоў. Працавала санітаркай у бальніцы. Нідзе не была заўважана, ціхая, нават дзікая. Ды яны з бацькам жылі. асобна ад усіх. Труп пабачыла першай гаспадыня поля, іх суседка, старая баба. Выйшла да ветру за хлеў — ляжыць.