Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 28

Валерый Гапееў

Тут жа запрасіў звесткі пра ўсіх абанентаў, з кім камунікавала Насця. Не здзівіўся, калі пабачыў: практычна ўсе званкі — яе і да яе — датычыліся толькі некалькіх чалавек. Найчасцей, як я і прадчуваў, Насця размаўляла са старэйшай медсястрой, яшчэ некалькі абанентаў — санітаркі з хірургічнага аддзялення, — усе яны былі падключаныя на карпаратыўны тарыф бальніцы.

Толькі адзін тэлефонны нумар, за якім стаяў абанент, імя і прозвішча якога мне нічога не казалі, выклікаў цікавасць. Званкоў было толькі два: адзін уваходны — атрыманы дзевяць месяцаў таму, — і адзін зроблены самой Насцяй на гэты нумар — з тыдзень таму.

Поўная нечаканасць была прыхаваная ў канцы: Насця атрымала дванаццаць эмэмэсак ад розных абанентаў на працягу адной гадзіны чатыры дні таму вечарам. Адзін абанент быў знаёмы — той самы невядомы мужчына, які тэлефанаваў дзевяць месяцаў таму. Прозвішчы астатніх невядомыя. Мужчыны, жанчыны.

— Відавочна, яе віншавалі з нараджэннем дзіцяці, — выказала слушную думку Тамара, калі я расказаў ёй пра свае здабыткі. — Супадае дакладна.

— Але тады вынікае, што дванаццаць чалавек ведалі пра цяжарнасць Насці, — развёў я рукамі.

— Гэта цябе здзіўляе?

— Так, мае думкі наконт Насці як сурагатнай маці — памылковыя. Бо не можа быць, каб такая справа, як нараджэнне дзіцяці на заказ, было вядомае столькім людзям, ды яшчэ — гляньце на нумары — нашым, не замежнікам.

— Дарэчы, што за людзі? — Тамара пачала, пасунуўшы акуляры на нос, праглядваць спіс з дванаццаці абанентаў.

— Пакуль толькі палову ўстанавілі, — адказаў я. — Незвычайна нешта. Усе розныя, працуюць у розных месцах. Доктар гістарычных навук, рэдактар часопіса, мастачка. Дворнік, але і паэт па сумяшчальніцтве — дарэчы, як кажа Вікіпедыя, досыць вядомы ў сваіх колах.

— Зараз-зараз, — нечакана Тамара ўзрушылася, адклала мой аркуш з прозвішчамі абанентаў, пацягнулася да стоса папер на краю свайго вялікага стала. — Дзе ён тут быў, — мармытала яна, хутка перабіраючы лісты. — Ага! Вось табе сюрпрыз!

Яна трымала ў руках аркуш з нейкім спісам, працягнула мне мой ліст і загадала:

— Чытай прозвішчы!

Я падпарадкаваўся. Чытаў, а яна выгуквала: «Ёсць», — і крэсліла ў сваім спісе. Усе дванаццаць.

— Вось табе такое! — Тамара працягнула спіс мне. — Усе яны тут!

На старонцы было дваццаць тры прозвішчы. З іх названыя мной дванаццаць былі падкрэсленыя Тамарай. Унізе стаяла сіняя пячатка сельвыканкама, а ў шапцы ліста значылася: «Спіс жыхароў населенага пункта Ляўдок».

 — І гэта трэба разумець так: цяжарнасць Насці была сакрэтам для ўсіх, але толькі не для пералічаных жыхароў вёскі. Дарэчы, яны ўсе — дачнікі, не мясцовыя.

— Значыць, яна знайшла там сяброў.

 — І альбо яна мела з усімі імі самыя цесныя стасункі паасобку, альбо ўсе дачнікі — самыя шчырыя сябры між сабой. — услых падумаў я, трохі разгублены нашай знаходкай.

— Вось заўтра і разбірайся, — прапанавала-загадала Тамара. — Дарэчы, будзеш дапытваць Зміцера Грыцука, бацьку Насці, будзь вельмі настойлівым. Бо з запісу папярэдняй размовы вынікае, — яна зноў пакорпалася ў паперах, узяла ў рукі і з выразным незадавальненнем паклала назад ліст папярэдняга апытання, якое рабіла аператыўная група, — вынікае, што стары з галавой дружыць, але размаўляць зусім не хоча. Націсні там на яго. акуратна. Яшчэ?