Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 29

Валерый Гапееў

— Пра цмока, якога павінна была нарадзіць Грыцук, я ўжо казаў. Мяне зацікавіў яшчэ адзін запіс у перапісцы. У палове на адзінаццатую вечара Насця піша апошнія словы — пра тое, што ёй трэба зараз «трошкі пажартаваць». Цалкам усё выглядае так. — я знайшоў аркуш з выпісаным дыялогам: — «Насця: Выбачай, любая. Бягу, трэба мне тут пажартаваць. Руслана: Вой, ты там з некім жартуеш? Хто ён? Насця: Ды ёсць адна сволач… Руслана: Не разумею… Навошта табе жарты з нейкай сволаччу? Насця: Не думай нічога дрэннага пра мяне. Калі сволач, дык і жарты ў мяне адпаведныя. Каб ведаў…» Вось такое, і больш ніякіх тлумачэнняў. Ці не стаў жарт прычынай смерці? Размова відавочна ідзе пра мужчыну. Ці не ў выніку гэтага незразумелага жарту яна і апынулася голай? — выказаў я здагадку.

— Усё можа быць, — думаючы пра нешта сваё, адказала Тамара, і потым дадала нечаканае для мяне: — Не падабаецца мне ўсё. Трэба хутчэй заканчваць.

— Як заканчваць? — разгубіўся я.

— Прыдумай, — Тамара ўзняла на мяне позірк, у яе вачах быў звычайны жаночы сум. — Вось чую я, няма тут па-сапраўднаму ніякага крыміналу, смерць — няшчасны выпадак.

— Але ж разабрацца трэба, — заўпарціўся я. — Лесбіянка раптам зацяжарыла, хавала гэта ад усіх, акрамя дачнікаў, нарадзіла. Дзе дзіця? І праз два дні пасля нараджэння няма ёй большай справы, як недзе з некім жартаваць. распрануўшыся цалкам!

— Разбірайся, — кіўнула згодна Тамара, — але надта не ўпірайся, не той, кажу, выпадак.

— Ну добра, — разгублена прамармытаў я. Мяне бянтэжыў настрой пракурора — яна заўсёды вельмі прынцыповая да следства, і раптам такое.

Тамара ўзнялася з-за стала, падышла да вакна, абаперлася на падваконне, нейкі час маўчала.

— Мне б хто лепш далажыў, калі сонца будзе. Хана маім памідорам, нейкія глісты растуць — тонкія, кволыя, дзыбатыя. Падаюць ужо.

Павярнулася да мяне, я ўстаў.

— Ты лепш, Васіль, пра жывых жанчын думай. Надзька твая ў самым часе раджаць. Ды і табе. Думаеш, лёгка нам, бабам, цераз людскія пагалоскі пераступіць?

Здаецца, я пачырванеў — адчуў, як прыліла кроў да твару.

— Ты выбачай, — Тамара шчыра павінілася. — Калі баба не хоча ні з кім жыць, дык ніхто і ведаць не будзе, з кім яна спіць. Вось пра мяне хто скажа хоць слова? Ці ты думаеш, за час пасля разводу ў мяне мужыкоў не было? А калі табе, не хаваючыся, жанчына есці гатуе, дык павінен разумець. Не кіпі, я табе як маці кажу. Надзея твая — добрая жанчына, ведаю яе.

— Ды неяк разбяруся сам, — прамармытаў я.

— Ага, разбярэшся, — згадзілася Тамара і ўсміхнулася з незвычайным для яе твару клопатам. — Але як жанчына хачу табе сказаць. Мужчына выбірае сабе жанчыну, якая нечым падобная да яго маці, выбірае жанчыну для сябе. А вось жанчыны выбіраюць сярод мужчын не сабе каханка ці гаспадара, а бацьку для сваіх дзяцей. Тая цябе па-сапраўднаму кахае, якая хоча ад цябе нарадзіць. Ну ўсё, не буду больш цябе вучыць жыць. Ідзі, чакае яна цябе. Шчаслівы ты, зразумей нарэшце: цябе штовечар чакаюць.