Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 26

Валерый Гапееў

Надзея памаўчала трошкі, сустрэла мой дапытлівы позірк і дадала:

— У мяне бабка, мама бацькі, казалі, была вядзьмаркай. Вучыла жанок рознаму, каб сваіх мужыкоў утрымліваць, каб сурокі наводзіць на разлучніцу. Вось, бачыш, як я цябе хутка да сябе прыманіла, — усміхнулася сумна, а потым дадала сур’ёзна: — Мы некалі разам у адным кіёску працавалі прадавачкамі. Пасябравалі. Яна мне спадабалася, хоць і была трошкі. дзіўная. Дарэчы, ты не смейся, я дык нічога не ўмею, ва ўсякім разе, не вучылася і мяне не вучылі, але нешта ад бабулькі мне перадалося. Я ў Насці адразу сілу пачула. І яна мяне адразу адчула. Мы трошкі сакрэтнічалі. Бацька яе многаму навучыў.

— Надзюш. Надзюшка, — працягнуў я ўмольна. — Мяне такое не цікавіць, ты ж разумны чалавек. У мяне не нейкія там сурокі — у мяне труп. Рэальны. Мне нецікавыя такія казкі.

— Ды я ведаю, нецікавыя, — не пакрыўдзілася Надзея. — Я толькі папрашу цябе даць мне нумар свайго мабільніка.

Што праўда, мы да гэтай пары не абмяняліся тэлефоннымі нумарамі. Дарэчы, мне было і няблага. Навошта добраахвотна здаваць сябе пад яўны кантроль, каб у любы момант цябе маглі спытаць: ты дзе? з кім? чаму? Але цяпер я не задумваючыся прадыктаваў нумар, Надзея ўвяла лічбы ў тэлефон, патэлефанавала і адключылася.

— Запішаш нумар. Я не буду званіць без патрэбы, не бойся.

— Не баюся.

— А я за цябе баюся, — зазірнула мне ў вочы Надзея.

 — І адкуль страх? — ажно псіхануў я. — Ты — чалавек з вышэйшай адукацыяй, ты ў школе.

— Васіль. Прабач мне. Я цябе толькі папрашу: будзь асцярожным!

— Я заўсёды асцярожны!

— Ну, не крыўдуй, — Надзея ўстала, падышла да мяне, паклала свае далоні мне на галаву, прыціснула да сваіх грудзей, якія пад тонкай тканінай былі цёплымі. — У бабы ж не розум, у бабы сэрца. Вось маё сэрца так радасна трапяталася, як ты сюды засяляўся. А цяпер яно шчыміць. Не крыўдуй. Проста будзь асцярожны.

— Добра, буду.

5.

Наўрад ці сёння хоць адзін звычайны чалавек падазрае, наколькі ён наіўны ў сваіх жаданнях мець асабістае, быццам бы схаванае ад іншых жыццё.

Насця Грыцук была зарэгістраваная толькі ў адной сацыяльнай сетцы, дакладней, на сайце знаёмстваў. У гісторыі браўзера больш не знайшлося ніякіх анлайн-сэрвісаў. Як я і спадзяваўся, пароль быў захаваны ў браўзеры, і сам ноўтбук не запатрабаваў пароля для ўваходу. Сайт знаёмстваў Насця скарыстоўвала адно для асабістай перапіскі, больш ніякай актыўнасці не праяўляла. У яе анкеце быў толькі адзін фотаздымак, звычайны, без ценю нейкай эратычнасці, бы фота на пашпарт. Паведамленняў ад розных наведвальнікаў было дастаткова многа, недзе за сотню, але перапіска з усімі заканчвалася з ініцыятывы Насці на другім-трэцім лісце. Па шчырасці, я пачаў ужо страчваць надзею знайсці хоць штосьці значнае: больш за дзве траціны прагледжаных ліставанняў не далі і каліва патрэбнай інфармацыі. Але неба пачула мае малітвы: з адной жанчынай Насця перапісвалася літаральна з першага дня рэгістрацыі — больш за год, як паказваў профіль, і амаль кожны дзень.