Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 17
Валерый Гапееў
— Мужчыны не было. А калі яе згвалтавалі? Два з трох згвалтаванняў скрываюць.
— Чаму тады ёй не зрабіць аборт, тым больш, працуе ў бальніцы, тым больш.
— А калі яна катэгарычна супраць забойства дзіцяці?
— Тамара Сяргееўна, — усміхнуўся я. — Ярымі праціўнікамі абортаў выступаюць, як правіла, альбо тыя, хто нечакана паверыў у Бога, альбо жанчыны, якія зрабілі як мінімум адзін аборт і таксама раптоўна адчулі неабходнасць замольваць у цэрквах свае грахі. Ну, не вам мне пра такое казаць.
— Мы не ведаем, ці рабіла раней аборт Насця Грыцук.
— Але мы ведаем: яна нічым ніколі не выявіла сваіх хрысціянскіх поглядаў. У чорнай хустцы не хадзіла. Больш за тое, як я сёння пачуў, яна не асабліва святкавала той жа Вялікдзень — ні ў адзін год не прыносіла фарбаваныя яйкі на працу, хоць тое і традыцыйна для іх хірургічнага аддзялення, як я даведаўся з размоваў. Карацей, я перакананы: выношванне дзіцяці было абавязкам для Грыцук. Дарэчы, згода Грыцук на сурагатнае мацярынства магла быць абумоўленая яе жаданнем атрымаць грошы — і зрабіць пластычную аперацыю.
— Пакуль складна, — кіўнула Тамара. — Што адсюль вынікае?
— Матыў забойства.
— Забілі, каб не плаціць?
— Тут цяжка адказаць. Грошы найперш, асабліва калі яна мела справу не з непасрэдным заказчыкам, а з пасярэднікам. Калі пачытаць, дык справы такія абстаўляюць у большасці выпадкаў менавіта так: жанчына не ведае, для каго нараджае, а тыя, хто атрымлівае дзіця, не ведаюць, хто нарадзіў. Практычна і бяспечна для абодвух бакоў. Пры ўмове сумленнага пасярэдніка, зразумела.
— Калі грошы найперш, якія яшчэ матывы і прычыны?
— Нязгода аддаць дзіця.
— І за гэта забіваць? — Тамара прымружылася, пільна глянула на мяне.
— Скажу табе, у нашым правінцыйным райцэнтры адна жанчына нарадзіла дваіх дзяцей. на заказ. Аднаго аддала. А другога адмовілася.
— Ого, — не ўтрымаўся я. — Не ведаў.
— Ну, не здзіўляйся, справу абставілі так, каб ніякага крыміналу нідзе не было. Цяжарнасць хавала да апошняга, два месяцы адпачынку невядома дзе, вяртаецца пахудзелай і з грашыма. Другую цяжарнасць раскрыла напрыканцы. Вярнула грошы, ёй авансам выдалі палову сумы. Прыязджалі да яе. І пагрозы былі. Ведаю з яе вуснаў, бо ў маладосці з яе маці сябравалі, вось яна і прыйшла да мяне параіцца. Адбіліся, карацей. Там пасярэднікаў не было. Няшчасная, хоць і заможная, сям’я з Прыбалтыкі. Жанчына павінна была паехаць туды на тры месяцы, ёй рабілі візу, стваралі ўмовы пражывання. Там нарадзіць і вярнуцца. А яна адмовілася. Дарэчы, развядзёнка. так вось. Значыць, калі быў пасярэднік, то, магчыма, і забойства адбылося праз нязгоду аддаць дзіця? Правярай. Аператыўнікі забралі з дому забітай яе ноўтбук, сумачку. Тэлефона не знайшлі. Гэта незразумела. Падрыхтуй запыт на праверку асабістых рахункаў у банках. Пайшлі ўжо? — Тамара зноў зірнула на акно. — Трэба нешта згатаваць дома, мабыць. Развучылася боршч варыць. А ты ўмееш?