Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 16
Валерый Гапееў
— Твая здаровая логіка мае сэнс у межах такіх жа здаровых абставінаў. Але мы, па сутнасці, а правільней, згодна з нашай агульнай логікай, маем справу не са здаровай жанчынай, забыўся? — нечакана жорстка перабіла мяне Тамара і, нібы перапрашаючы за сваю рэзкасць, закончыла ціха: — Насця Грыцук была лесбіянка. У нашых умовах ёй нічога не заставалася.
— Не разумею, — шчыра разгубіўся я. — А яе арыентацыя тут якую ролю адыграла?
— Ой, Васіль, Васіль, — са скрухай прамовіла Тамара. — Табе, як дзіцю, расказваць пра адносіны ў нашым грамадстве да асобаў з нетрадыцыйнай арыентацыяй? Ды яшчэ ў нашым горадзе, дзе калонія на пяць тысяч зэкаў і кожны школьнік ведае значэнне слова «апушчаны». Ты паглядзі на яе характарыстыку. Яна паўсюль заставалася адна. Значыць, ведала пра сваю схільнасць змалку. Мяркую, гэта той самы выпадак, калі ў жаночым целе жыў праўдзівы мужчына. Вунь як участковы яе апісаў — мужык мужыком яна была ў сваёй хаце. Такое не схаваеш. Партнёра яна сабе відавочна знайсці тут не магла, а хутчэй, баялася пагалоскі. Працаваць санітаркай — значыць, мець магчымасць кантакту з жывым целам. Мужчынскім і жаночым, маладым і ва ўзросце. Яна такім чынам задавальняла свае патрэбы, наколькі магла.
— І вы лічыце, дзеля гэтага яна пайшла на такую работу?
Пракурор узняла на мяне вочы, у якіх нечакана для сябе я пабачыў самы сапраўдны сум.
— Ты вось, я ведаю, з суседкай-развядзёнкай зрэдку спіш. Не пужайся, справа твая, безумоўна, але такое не схаваеш. у нашым горадзе. А колькі ты без жанчыны змог бы абыходзіцца? А бабы, думаеш, з іншага цеста зроблены? Дык жа з рабра мужчыны. І хочуць таго ж і гэтак жа. Ты, у выпадку чаго, ды і я, і яшчэ тысячы такіх, як мы, — пацерпім, бо ведаем: свайго дачакаемся. Нам — не праблематычна, для нас няма нічога заганнага ў тым, каб скарыстаць адзін аднаго і за грошы. А для іх? Што такім насцям рабіць? А потым. ёй менавіта там, у бальніцы, пры доглядзе хворых і можна было знайсці тую жанчыну, цела якой адгукнулася б на яе рукі. Ды і такія людзі, вымушаныя хавацца ад усіх, адчуваюць сабе падобных. Там жа, акрамя ўсяго, вялікі жаночы калектыў. Думаеш, мала ў нас такіх, з нетрадыцыйнай, як кажуць, арыентацыяй? Ды хапае. Так, перапыніла я цябе, але затое не будзем вяртацца. Упэўнена: Насця Грыцук пайшла працаваць у бальніцу толькі дзеля сваёй схільнасці. Ты супраць? Ёсць думкі?
— Не супраць, — уздыхнуў я. — Мушу прызнацца, маеце рацыю. Не падумаў як след.
— Проста жыццёвы вопыт, — даравала мне Тамара. — Працягвай.
— Дык вось. Насця Грыцук — фізічна цалкам здаровая жанчына, і з вельмі добрымі знешнімі данымі. Патэнцыйная маці здаровых дзяцей. Узрост самы спрыяльны для нараджэння. З улікам таго, што яна пачувала сябе больш мужчынам, чым жанчынай; з улікам адсутнасці ў яе жыцці мужчыны; з улікам захавання цяжарнасці, калі б яна была выпадковай; з улікам утойвання цяжарнасці да апошняга і запланаваных наперад адпачынкаў можна зрабіць толькі адзін вывад: яна выношвала дзіця для некага.