Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 87
Сергей Песецкий
Горад абуджаўся. Вуліцамі ехалі на кірмаш сялянскія фурманкі. Дворнікі ля дамоў падмяталі ходнікі. Зрэдчас праходзілі мінакі. Я кіраваўся да свайго дому, не да Жубжынскай, але да сучаснай камяніцы, каля цэнтру гораду. Зразумеў, што ня ўзяў ключа ад пярэдніх дзьвярэй, якія былі яшчэ зачыненыя. Вымушаны быў пазваніць. Заспаны швэйцар, са злым тварам бульдога і хітрымі, кацінымі вачыма, адчыніў мне дзьверы. Даў яму тысячу марак… проста так сабе: хай ведае! І адбылася чароўная рэч. Быдлячы твар адушавіўся. На губах зьявіліся мёд і масла.
— Слухаю вас… пане дырэктар!
Калі б даў яму другую тысячу, называў бы мяне бадай міністрам. Але калі б я быў бедны, відаць, не дазволіў бы мне пераспаць нават пад сходамі.
Накіроўваюся ўверх. На другім паверсе я сядаю на нізкі парапэт і пазіраю па вузкі прастакутнік двара. Закурваю цыгарэту. Са смугою дыму плывуць мае думкі. На скуры яшчэ адчуваю цяпло і пругкасьць цела Грачанкі. Але чую зьнізу рыпеньне брамкі. На двор прасьлізнуў нейкі мужчына. На ім бруднае восеньскае паліто, скамечаны капялюш і нячышчаныя чаравікі. Не магу разгледзець яго твару. Але бачу зарослае падбародзьдзе. Алядаецца навокал. «Чаго ж ён хоча? Можа, злодзей?» Прыхадзень вымае з кішэні нешта чырвонае, абцірае далонямі, пасьля пасьпешна есьць. Выплёўвае на зямлю нейкія адкіды, мне падаецца, што яго ванітуе крывёю. Зноў нешта вымае з кішэні і зноў есьць, хапатліва, прагна, як галодны, бяздомны сабака. «Мабыць, украў нешта і тайком жарэ». Мне прыгадаўся клей для шпалер, які я еў некалі з гаршка. Я адчуў спазм страўніка. «Халера! Гэткае жыцьцё! Але што ён есьць?» Мужчына выцірае далоні аб крысо восеньскага паліто, аглядаецца і выходзіць па вуліцу. Імкліва адчыняю акно і выскокваю на двор. Падыходжу да месца, дзе нядаўна стаяў той мужчына. Нахіляюся і бачу па зямлі брудныя, абсьліненыя кавалкі морквы. «Нават не абскрабаў… Можа, ня меў чым».
Я выходжу на вуліцу. За некалькі дзясяткаў крокаў перада мною ідзе той валацуга. Рукі ў кішэнях, плечы ўзьняты ўгору — быццам бы ад холаду. Ходнікамі сьпяшаецца ўсё больш людзей. Брукам сунуцца вазы, нагружаныя харчамі. Вязуць ежу для тых, хто цяпер сьніць на пярыне, альбо парамі качаецца па ложку, альбо рыгае на дываны… Для Таўстуна, Лысага, Грачанкі і… для мяне.
Даганяю незнаёмца.
— Прабачце, на адну хвілінку!
Бачу згаслыя вочы і недаверлівы позірк, брудны, шэры твар.
— Чаго вы хочаце?
У яго ахрыплы голас. Ведаю і гэта. Кажу лагодна:
— У мяне ёсьць трохі працы. Патрэбны чалавек. Можа, маеце вольны час?
Бліск надзеі запаляецца ў вачах бедака.
— Але, пане, але. У мяне ёсьць вольны час.
— Выдатна.
— А якая праца, пане? Можа, я няздатны.
— Здолееце. Не хвалюйцеся. Хадзем!
«Трэба прыдумаць нейкую работу для яго. Але якую?» Бачу, што ў малочную краму работнік нясе з возу вялікі бідон малака.