Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 86
Сергей Песецкий
— Апошнія дзьверы з правага боку. Уваходзь, ня стукаючы.
— Дзе заўтра сустракаемся?
— Увечары буду гуляць у «Чырвоным Штрале».
— Добра. Дабранач!
Колька махнуў мне рукою і вярнуўся ў салён, каб чорным ходам выбрацца на вуліцу. Я ціхенька пайшоў мяккім кілімам у напрамку паказаных мне дзьвярэй. Адчыніў іх і апынуўся ў вялікім пакоі. Ён быў зьлёгку асьветлены.
— Заходзь, заходзь! Чакаю! — пачуўся голас Грачанкі.
Я ўбачыў на шырокім ложку, з блішчастымі нікелёвымі шарамі, кабету ў позе «Голай Маі» з карціны Гоі. Але віленская Мая была хіба на дваццаць кіляграмаў цяжэйшая ад Маі гішпанскай. Не зважаючы на гэта, яна выглядала пекна, як узор раскошнай, выпеставанай, ружова-белай саміцы з буйнымі, узгорыстымі формамі й чорнымі валасамі. Я падумаў, што яна магла б прыдацца Рэванскаму для нейкай экстрасэрыі.
— Хочаш віна? — паказала мне далоньню на нізенькі столік каля ложка.
— Не… мо, пасьля.
— Ну дык распранайся. Віна вып’ем разам. Ці пайшоў Колька?
— Так.
— Мілы хлопец. Я люблю яго. Што табе пра мяне казаў?
— Што ты пышная кабета.
— А ці я пышная?
— Раскошная! Гэткая… сапраўдная жанчына.
Уночы мы два разы пілі віно. Грачанка расчулілася і апавяла мне коратка сваю гісторыю. Яна была падпітая, трохі пакрыўджаная на свой лес (які я не лічыў суровым) і гаварыла шчыра. Яна была два разы замужам. Першы муж стала ёй здраджваў і амаль згалеў. Другі быў імпатэнтам. Пасьля яна трымала рэстарацыю супольна зь іншай жанчынай, якая яе абакрала. Некалькі разоў яна багацела, а пасьля згалела. Урэшце яна заснавала дом спатканьняў. Намагаецца быць добрай для сваіх дзяўчат і дбае пра іх.
— Хто такая Алена?
— Не скажу табе, бо гэта прафэсійная таямніца. Але яна адукаваная і паходзіць з добрай сям’і. Да гэтай работы яна зусім не прыдатная. Я даю яе добрым, спакойным гасьцям, якія хочуць мець далікатную і інтэлігентную дзяўчыну. Прыбытку ад яе няма аніякага, бо яна ані піць ня ўмее, ані госьця на выдаткі раскруціць.
— А Еўка?
— О-го! Гэта д’ябал! Каб яе адпаліраваць, вымуштраваць, яна магла б быць зоркаю ў якім кабарэ. Яна падабаецца табе болей за мяне?
— Аддаю перавагу табе.
— Калі захочаш, будзеш мець і Ёўку. Яна ўсім мужчынам падабаецца. Яна мае магніт. Магла нават удала выйсьці замуж, але не захацела.
Я прачнуўся а шостай раніцы, пасьля кароткага сну, але пачуваўся адпачылым. Сьвятло гарэла і над стольлю, і на століку. Грачанка спала, адвярнуўшыся да мяне сьпінаю. Я крыху адсунуўся і накрыў яе лепей коўдраю. Ляжаў яшчэ пэўны час. Спрабаваў заснуць, але ня здолеў. Узьняўся і пачаў апранацца. Потым згасіў сьвятло і выйшаў са спальні. У калідоры сьвяціліся дзьве малыя лямпачкі. Было тут ціха. У салён караскалася праз адно адвешанае акно ранішняе сьвятло. Я пачуў нейкія глухія, вібруючыя гукі. Зразумеў, што гэта храпе таўстун, які спаў у кабінэце. Малы калідорчык таксама быў слаба асьветлены. Я знайшоў пры канцы яго вузкія дзьверы. Адчыніў іх і сышоў паўцёмнымі сходамі ўніз. Там былі іншыя дзьверы — наўпрост на вуліцу. Толькі цяпер прыгадаў, што не заплаціў за вячэру і за ўсё, што замаўляў. Але падумаў, што Колька гэта абладзіць.