Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 138

Сергей Песецкий

— Ну, у вас нахабства! Першы раз у жыцьці мяне абдурылі! Чэк быў добра падроблены. Але вы гулялі сваю ролю яшчэ лепей. Гэта якраз мяне і зблытала.

Я пажартаваў:

— Паспрабую яшчэ раз. Пачакайце некалькі год, пакуль не адпачну за дзяржаўны кошт.

— Не атрымаецца. Цяпер і сапраўдныя чэкі я буду спраўджваць.

У той дзень увечары выклікалі на допыт Сабаду. Калі ён вярнуўся праз гадзіну, ён сказаў, што даў дадатковае прызнаньне ў справе свайго брата, у якога забралі два мільёны марак. Мне падалося гэта крыху дзіўным. Пасьля Сабада пачаў размаўляць са мною пра тое, як я правёў час пасьля выезду зь Вільні. Асабліва яго цікавіла, як і дзе я выдаткоўваў грошы. Я адразу зразумеў, што сьледчы не паверыў мне, што я прамантачыў гэтулькі грошай. Ён меркаваў, відаць, што я іх недзе схаваў. Выклікаў таму Сабаду і, абяцаючы яму зьмякчэньне кары, загадаў распытаць мяне. Я вырашыў гэта выкарыстаць і пачаў расказваць супольнікам пра свае забавы зь дзяўчатамі, пра няўдалую гульню ў карты ў Варшаве і ў Лодзі, пра дарагія гулянкі. Але не называў ані прозьвішчаў, ані адрасоў. Адно што для ўзмацненьня праўдападобнасьці гэтых гісторый я шмат расказваў пра пражыцьцё ў гатэлі «Палёнія» і пра адпачынак у розных забаўляльных установах. Сказаў, што ў рэстарацыі «Тэатральная» плаціў за вячэру па пятнаццаць і больш тысяч марак.

— Бачыце, — зьвярнуўся я да супольнікаў, — я добра пазабавіўся. Два месяцы гуляў на поўніцу. Спусьціў амаль два мільёны, шкадую, што ня здолеў спусьціць і тыя чатырыста тысяч, якія ў мяне знайшлі. А ў вас забралі больш грошай, чым вы зарабілі на чэках. Трэба было таксама гуляць.

Я ўдаваў, што кажу цалкам шчыра. Падумаў, што мае супольнікі паверылі мне. А праз два дні Сабаду ізноў выклікалі ў Сьледчую службу. Калі ён вярнуўся ў камэру, гаварыў нешта пра дадатковыя расьсьледаваньні. Але я быў упэўнены, што сьледчаму была патрэбная інфармацыя пра грошы, якіх у мяне не знайшлі. Сабада нічога ня мог сказаць, акрамя таго, што ён пачуў ад мяне.

За тыдзень пасьля майго арышту пад эскортам паліцыянтаў нас перавялі ў турму на Лукішках. Стаім перад велічэзнай жалезнай брамаю. Згадаў сабе, што паўгоду таму я затрымаўся побач з гэтым мурам і назіраў, як адчынілася ў браме цяжкая брамка і ўсярэдзіну ўвайшлі вязьні разам з эскортам вартавых. Тады я быў галодны, бяздомны, у роспачы і — прыгадалася — зайздросьціў вязьням, што маюць прытулак і нейкую ежу. Але ў той час мне нельга было сюды ўвайсьці. Цяпер я заслужыў гэта. Грамадзкае жыцьцё так арганізавана, што для беднага чалавека — пры пэўных акалічнасьцях — нават зьняволеньне можа быць мараю.