Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 136
Сергей Песецкий
— Чаму да вас прыйшлі агенты? — спытаў я. — Мяне ж не затрымалі, і я ня мог вас выдаць.
— Гэта іншая гісторыя, — з жалем паведаміў Якуб.
Ён вярнуўся ў расказе на тры месяцы назад, калі ён мяне яшчэ ня ведаў. Чэк на трыста фунтаў стэрлінгаў быў даўно сфальшаваны. Яго зьбіраўся прадаць знаёмы Якуба, Генік, які паехаў з гэтай мэтаю ў мястэчка Іўе, за трыццаць пяць кілямэтраў ад Ліды. Але ён баяўся прадаць чэк сам, таму зьвярнуўся да знаёмага «фактара», які добра ведаў мястэчка. Генік прапанаваў яму купіць, разам зь некалькімі супольнікамі, фальшывы чэк. Сказаў, што верне «фактару» яго грошы і дасьць трэцюю частку з прыбытку. Але «фактар» адгаварыў яго ад такой справы. Ён меркаваў, што яму будзе небясьпечна: калі выявіцца, што чэк фальшывы, супольнікі могуць абвінаваціць яго ў ашуканстве. Таму ён вярнуўся ў Вільню і аддаў чэк Якубу. Пасьля, калі не было іншых чэкаў, Сабада і Якуб далі яго мне на продаж.
У той дзень, калі я прадаў чэк, у Ліду з Іўя прыехаў «фактар», якому Генік прапаноўваў прадаць фальшывы чэк. Паколькі ён таксама гандляваў валютаю, таму ведаў у Лідзе ўсіх, якія гэтым займаліся. І гэтак здарылася, што яму прапанавалі купіць чэк на трыста фунтаў, які ён добра памятаў. «Фактар» пасьля агляду чэку сказаў, што ён фальшывы. Перакупнікі адразу пабеглі ў Сьледчую службу. У тую ноч «фактар» зь Іўя, два перакупнікі зь Ліды і агенты Сьледчай службы выехалі ў Вільню. Генік, калі яго арыштавалі, засьведчыў, што ён не збіраўся прадаваць чэк і што яму даў яго Якуб. Калі агенты Сьледчай службы зь Ліды разам зь віленскімі агентамі прыйшлі да Якуба, засьпелі там і Сабаду. Абодва яны страшэнна перапалохаліся. Мае супольнікі падумалі, што я папаўся і расказаў усё, што пра іх ведаў. Таму не адмаўляліся ні ў чым і адразу прызналіся — нават пра раней прададзеныя чэкі. Ператрус у Якуба працягваўся доўга. Пасьля яго разам з Сабадам завялі ў Сьледчую службу. Таго ж дня ўвечары агенты прыйшлі ў мой пакой, але не засьпелі мяне дома. Гаспадыня дала ім запасны ключ ад майго пакою і ў прысутнасьці двух панятых там быў праведзены ператрус. Пасьля агенты чакалі мяне ў бібліятэцы доўгі час. Ператрус быў безвыніковы. Мяне таксама не схапілі, бо я быў у іншым месцы, а назаўтра выехаў зь Вільні.
У кватэры Сабады зрабілі ператрус позна ўвечары — неўзабаве пасьля візыту яго брата, якога я чакаў на вуліцы. Назаўтра затрымалі таксама і цырульніка, які аддаў агентам пакунак з двума мільёнамі марак. Ён сказаў, што атрымаў іх ад мяне мінулага дня ўвечары.