Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 135
Сергей Песецкий
— Каб забясьпечыцца на будучыню.
— Але вы самі сказалі, што быццам бы я зьбіраўся прадаваць чэкі надалей. Меў бы з гэтага ізноў грошы.
— Так сказалі вашы супольнікі.
— Добра. Калі я зьбіраўся надалей прадаваць чэкі і зарабляць мільёны, навошта мне ашчаджаць грошы?
Сьледчы пасьміхнуўся.
— Аднак вашы супольнікі былі ашчадныя. Ня выдаткавалі аніводнай маркі.
— А я шкадую, што ня здолеў патраціць усе.
— Вы б здолелі?
— Так. Я плаціў часам за вячэру дваццаць тысяч. Дзяўчатам я даваў вельмі шмат. Гуляў у карты. Дапамог некалькім людзям…
— А можаце вы напісаць мне пералік усіх выдаткаў?
— Гэтага я не зраблю. Я ня буду нікога кампрамэтаваць, падстаўляць. Я сам буду адказваць за сваю віну, але нікога ў гэта не ўцягну. Бачу, што вы мне ня верыце, што я мог спусьціць так шмат грошай. Але я іх не шанаваў. Яны былі для мяне бяз вартасьці.
— Чаму?
— Бо я іх не зарабіў, але выцыганіў… Але прызнаюся шчыра, што я зусім не шкадаваў людзей, якіх я ашукваў. Мне было гэта нават прыемна.
— Я гэтага не запішу ў пратакол. Але чаму вы не цанілі выцыганеных грошай, хаця з прыемнасьцю іх выцыганьвалі?
— Бо я меў дачыненьні зь людзьмі, якія таксама намагаліся лёгка здабыць грошы. Бяз працы. Стараліся ашукаць дурнога, як яны думалі, селяніна на курсе валюты. Для мяне гэта была гульня зь несумленнымі людзьмі.
Мяне дапытвалі ад чацьвёртай гадзіны дня да дзясятай вечара. Сьледчы хацеў скончыць пратакол перад адпраўкай мяне ў камэру на вуліцы Сьвятога Ігнація, каля Сьледчай службы. Справа ў тым, што мяне зьбіраліся пасадзіць у адной камэры зь Якубам і Сабадам. Яны лічылі, што гутаркі зь імі могуць паўплываць на маё прызнаньне. Акрамя таго, гэтая справа — паколькі мяне доўга шукалі — цягнулася чацьвёрты тыдзень.
19
Сьледчая турма знаходзілася на першым паверсе. Мяне пасадзілі ў камэру з закратаваным акном, на якім быў умацаваны бляшаны «кош», празь які вязьні не маглі нічога ўгледзець на вуліцы. Мае супольнікі сядзелі тут чацьвёрты тыдзень. Яны меркавалі, што я даведаўся пра іх арышт і схаваўся. Маё затрыманьне было для іх неспадзяванкаю. Калі я ўвайшоў у камэру, абодва яны вельмі зьбянтэжыліся. Прысаромленыя, яны наблізіліся да мяне.
— Што вы нарабілі? — зьвярнуўся да іх.
Сабада маўчаў, а Якуб сказаў:
— Страшэннае няшчасьце!
— Але ж была ўмова, што калі я пападуся, то я ня выдам вас. Чаму вы здалі мяне?
Я бачыў, што абодва яны ў роспачы. Таму кінуў дакараць іх і спытаў аб прычыне правалу. З расказаў Сабады і Якуба — доўгіх і блытаных выявілася наступная карціна.
У Лідзе Сабада няўстанна сачыў за мною, калі я пераходзіў разам з пакупнікамі з памяшканьня ў памяшканьне. Нарэшце ён убачыў, што вядуць мяне ў будынак, дзе месьціцца Сьледчая служба і камэндатура Павятовай паліцыі. Ён падумаў, што мяне затрымалі. Яму не прыйшло да галавы, што ў гэтым самым будынку месьціцца канцылярыя натарыюса, куды мяне правялі. Пэўны час ён чакаў на вуліцы, пасьля хутка пайшоў на вакзал, каб пасьпець на цягнік. Пасьля прыезду ў Вільню адразу падаўся да Якуба і сказаў яму, што мяне затрымалі і завялі ў Сьледчую службу. Сабада і Якуб былі пэўныя, што я іх ня выдам. Аднак хацелі забясьпечыцца. Яны меркавалі, што ў іх досыць часу. Да таго ж ужо вечарэла. Сабада не пайшоў дадому, але застаўся на ноч у Якуба. Хацеў назаўтра забраць у яго ўсе кампрамэтуючыя рэчы і паперы, каб схаваць іх у сябе дома. Але рана з раніцы да Якуба прыйшлі агенты Сьледчай службы. Яны правялі дэталёвы ператрус, знайшлі грошы ды некалькі непадробленых яшчэ чэкаў.