Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 134
Сергей Песецкий
— Ці ён падрабіў той чэк?
— Не.
— Хто яго падрабіў?
— Наш супольнік… — Сабада вымавіў прозьвішча Якуба.
— Прашу вярнуць яго ў камэру! — загадаў афіцэр.
Агенты вывелі Сабаду з кабінэту. Афіцэр пазіраў на мяне іранічна. Але пачаў гаварыць паважна:
— Я зрабіў вочную стаўку з Сабадам, каб вы зразумелі, што мы ведаем усё і выкручвацца ня варта. Справа ў тым, што я хачу скончыць гэтую справу хутка і раю вам шчыра прызнацца. Гэта палегчыць справу і будзе зьмякчальнай акалічнасьцю.
Склалі падрабязны пратакол. Я дзівіўся, што не чапаюць продажу іншых чэкаў. Каб нічога не ўскладняць, я адказваў толькі на пытаньні. Я зразумеў, аднак, што афіцэр складае пратакол зычліва для мяне. Ён згадаў пра тое, што я доўга быў бяз працы, хаця яе шукаў. Адзначыў, што пагадзіўся прадаць фальшывы чэк толькі таму, што я быў у крайняй галечы. Калі пратакол пра продаж чэку на трыста фунтаў быў скончаны, афіцэр запытаў мяне:
— Ці прадавалі вы якія-небудзь іншыя чэкі?
— Не.
— Вы ня хочаце прызнавацца шчыра, каб не падставіць сваіх супольнікаў. А яны прызнаваліся інакш, вельмі шчыра. І зусім вас не шкадавалі.
— Ведаю, што не шкадавалі мяне.
— Мне цяпер трэба высьветліць, колькі ўсяго фальшывых чэкаў прадалі?
— Ня ведаю.
— Колькі вы прадалі, колькі вам далі на продаж?
— Адзін.
— Сапраўды адзін? Напружце сваю памяць.
— Вы сказалі, што ня будзеце гуляцца ў кошкі-мышкі. Але…
— Мне трэба высьветліць праўду.
— Калі вы яе ведаеце, то прашу высьвятляць яе са мною. Я прызнаўся ў продажы чэку на трыста фунтаў.
— Бо я гэта вам давёў.
— Відавочна.
— Добра. Зараз я вам нешта прачытаю.
Сьледчы праглядзеў тэчку з актамі і пасьля пачаў падлічваць.
— Вы прадалі ў Вільні тры фальшывыя чэкі: на трыста даляраў, на чатырыста і на сямсот. Вашы супольнікі прызналіся. Неўзабаве вы сустрэнецеся зь яго пакупнікамі. Пасьля вы прадалі чэк на тысячу даляраў у Маладзечне. Ва ўсіх выпадках за вамі назіраў Сабада. Усе чэкі і дакумэнты падрабіў… — вымавіў прозьвішча Якуба. — Згаджаецеся?
— Так. Я прадаў пяць чэкаў. Сабада назіраў за мною ва ўсіх выпадках. Але хто падрабляў чэкі, я ня ведаю. Я ня быў пры падробцы ані чэкаў, ані дакумэнтаў.
— Гэта для мяне цяпер ня важна. Ён сам прызнаўся. Мне патрэбна дакладна высьветліць, колькі падроблена чэкаў.
— Я прадаў пяць чэкаў. Пра ніякія іншыя я ня ведаю.
— Вы не зьбіраліся яшчэ прадаваць?
— Я не зьбіраўся і таму выехаў зь Вільні.
— Я ведаю пра гэта нешта іншае. А зь якою мэтаю вы вярнуліся ў Вільню?
— Каб забраць свае транты.
У ходзе допыту была закранутая справа грошай. Сьледчы палічыў мне дакладна, што я атрымаў два мільёны трыста пяцьдзясят тысяч марак. Пры ператрусе ў мяне знайшлі крыху больш за чатырыста тысяч. Таму не ставала каля двух мільёнаў. Я сказаў, што першыя грошы спусьціў адразу па іх атрыманьні. А з апошніх патраціў шэсьцьсот тысяч на працягу трох тыдняў.
— Тады выходзіць, што вы спусьцілі два мільёны за два месяцы?
— Так.
— Якім чынам?
— Бавіўся зь дзяўчатамі. Раздаваў шчодра грошы. Гуляў у карты. Каб меў два разы па столькі, таксама б іх вытраціў. Вы лічыце, што схаваў недзе грошы. Але калі б я іх схаваў, то схаваў бы і тыя, якія ў мяне знайшлі. Акрамя таго, я ня думаў, што пападуся, таму не было сэнсу іх хаваць.