Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 131

Сергей Песецкий

У гэтую ноч я спаў кепска. Узьняўся і адчыніў акно. Пасьля доўга слухаў прыглушаныя гукі скрыпкі, якія даляталі здаля. Была другая гадзіна. «Калі той чалавек сьпіць?» Я адчуў, што зайздрошчу яму. Зайздрошчу, што ён мае мэту ў жыцьці і настойліва да яе імкнецца. Янка таксама шчасьлівая. Яна працуе над стварэньнем сваёй добрай будучыні. «Чаму я не магу заняцца нечым карысным? Раней я ня меў магчымасьці, бо не было з чаго нават жыць. А цяпер? Можна ж вучыцца далей. Атрымаць адукацыю і добрую прафэсію. Пасьля працаваць з карысьцю для сябе і для людзей». Гэтыя думкі схілілі мяне прыняць цьвёрдае рашэньне. «Ранкам паеду ў Вільню. Асьцярожна даведаюся, што сталася з супольнікамі. Калі яны былі арыштаваныя, пастараюся — з дапамогаю Алены, калі немажліва будзе інакш — забраць зь бібліятэкі васямсот тысяч марак. Пасьля вярнуся сюды. Уладзіслаў хутчэй за ўсё дапаможа мне купіць дакумэнты на фальшывае прозьвішча. Пасялюся ў Лодзі ці Варшаве. Займуся чымсьці карысным. Калі ж у Сабады і Якуба ўсё добра, папрашу, каб яны прыгатавалі некалькі фальшывых чэкаў. Прадам іх і скончу з гэтым назаўсёды. Зьеду, аднак, зь Вільні, бо я перажыў у гэтым горадзе гэтулькі непрыемнасьцяў, што хачу жыць дзе-небудзь у іншым месцы. Акрамя таго, сталае жыхарства ў Вільні для мяне небясьпечнае. Можа здарыцца, што спаткаю некага, каму прадаў фальшывы чэк, і мяне пазнаюць». Быў яшчэ адзін повад, які хіліў мяне да вяртаньня ў Вільню, — Алена. Але пра яго я не разважаў. Ён быў для мяне вельмі ўзрушлівы, і я хаваў яго глыбока ў сэрцы.

Назаўтра я выехаў з Лодзі скорым цягніком. «Куды я сьпяшаюся? — падумаў я, — Можа, у турму?» Але я быў згодны на ўсё. Не хацеў жыць далей бяз толку — безь ніякай мэты. Я лічыў за лепшае ісьці наперад, нават у няправільным кірунку, чым таўчыся на месцы бясчынна. Бо ідучы у дрэнным кірунку, можна знайсьці некалі добрую дарогу. Затое бясчыннасьць, ні да чаго не прыводзіць.

У вечары я прыехаў у Вільню. Адразу з вакзалу падаўся ў мой пакой у цэнтры гораду. Выяжджаючы адтуль — тры тыдні таму — я заплаціў за месяц. У той вечар пайшоў толькі да кабеты, дзе жыў Колька. Даведаўся, што ён выехаў у Закапанэ тыдзень таму. Ён абяцаў даслаць ліст са сваім адрасам, але яшчэ няма ад яго ніякай весткі. Я вярнуўся дадому. Задумаўся, што заўтра рабіць, з чаго пачаць? Мне падалося, што найлепей не ісьці да Якуба ці Сабады, але падацца а трэцяй гадзіне ў більярдную ў «Зялёны Штрал» і там пачакаць да чацьвёртай. Гэта было да таго ж умоўленым месцам спатканьня з Сабадам, калі згубім між сабою кантакт. Было таксама другое месца: мой пакой у Жубжынскай, дзе Сабада мог пакласьці пад дзьверы лісток да мяне. Але я быў тамака прапісаны, таму я лічыў, што лепей ня ісьці ў бібліятэку.

Назаўтра — дакладна а трэцяй гадзіне — я прыйшоў у цукерню «Зялёны Штрал». У першай вялікай залі гасьцей было мала. Я ўвайшоў у більярдную залю. І тут было амаль пуста. За адным сталом два маладзёны пачыналі гульню. Маклер нешта пісаў на дошцы. Прысеў за столікам, зьбіраючыся прасачыць за гульцамі. Маклер адклаў крэйду і наблізіўся да мяне.