Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 128

Сергей Песецкий

З таго часу я часта сустракаўся з Уладзіславам. Ён займаўся пасярэдніцтвам у розных справах. Адшукваў заможных прыежджых і дапамагаў ім ва ўсім. Зь яго дапамогаю можна было купіць валюту, наркотыкі, пазнаёміцца з шыкоўнымі жанчынамі лёгкіх паводзінаў, выйсьці на прытоны з азартнымі гульнямі. Ад мяне ён ня меў прыбытку, бо я нічога не купляў і ніякай дапамогі не хацеў. Але ахвотна яго частаваў і бавіўся яго аповедамі. Толькі раз Уладзіслаў зьвярнуўся да мяне з просьбаю аб пазыцы. Але дадаў шчыра, што ён ня ведае, калі здолее аддаць грошы. Даў яму пяць тысяч і сказаў, што ён не павінен іх вяртаць.

Зь Янкай я сустракаўся і надалей. Аднаго вечара мы пайшлі ў кіно, а пасьля ў рэстарацыю на вячэру. Яна была вясёлаю і прыемнаю спадарожніцай. Я даведаўся, што яна зарабляе на жыцьцё працаю мадэлькі ў фэшэнэбэльнай краме і статысткаю ў тэатры. Адначасова навучаецца ў балетнай школе.

Адное ночы, на другі тыдзень побыту ў Лодзі, я доўга ня мог заснуць. Узьняўся з ложка і адчыніў акно. Раптам я пачуў дзіўныя гукі. Нехта граў на скрыпцы. Граў, відавочна, урок, бо ўвесь час вяртаўся да тых самых матываў. Але нават з таго я зрабіў выснову, што грае ён выдатна. Калі ранкам я ўзьняўся і падрыхтаваўся да выхаду, пазваніў пакаёўцы. Я спытаў, хто грае ўночы на скрыпках.

— Гэта, выбачайце, афіцыянт. Ён абслугоўвае гатэль. Прыносіць з рэстарацыі ежу для тых гасьцей, якія хочуць есьці ў пакоях. Гэта ён грае. Калі вы хочаце яго пабачыць, пазваніце тры разы.

Пасьля сыходу пакаёўкі я пазваніў па афіцыянта. Неўзабаве ў пакой увайшоў хударлявы мужчына сярэдняга веку. У яго быў бледны твар і цені пад вачыма. Яму было каля сарака гадоў.

— Чым магу служыць? — спытаў ён.

— Я б хацеў пасьнедаць.

— Што замаўляеце?

— Усё адно. Што-небудзь добрае.

Ён быў, відавочна, зьдзіўлены, але адразу выйшаў і хутка прынёс на падносе імбрык кавы, малака, булку, масла, сыр і два яйцы ўсьмятку. Паставіў усё на маім століку. Пасьля хацеў выйсьці. Я затрымаў яго.

— Хвіліначку. Гэта вы граеце ўночы на скрыпцы?

У вачах афіцыянта адбіўся непакой.

— Я, — сказаў ён. — Вам гэта перашкаджае?

— Перашкаджае? Не. Я слухаў з прыемнасьцю мінулай ночы. Але мяне зьдзівіла, хто мае ахвоту граць так позна.

— Удзень я ня маю часу. А ўночы граю з глушніком.

Мы пачалі размаўляць. Я даведаўся ад яго такую гісторыю. Зь дзяцінства ён меў схільнасьць да ігры на скрыпцы. Але акалічнасьці так дрэнна для яго складаліся, што ня мог узяцца за навучаньне. Толькі цяпер ён споўніў сваю мару. Чатыры гады тут працуе афіцыянтам. Мае пакойчык паверхам вышэй напрыканцы калідору, па дыяганалі над маім пакоем, і ўвесь вольны час прысьвячае ігры на скрыпцы. Зарабляе мала, ашчаджае кожную марку, каб аплаціць дарагія ўрокі ў прафэсара кансэрваторыі, да якога ходзіць тры разы на тыдзень. Бярэ паўгадзінныя ўрокі, і хутка зрабіў вялікі рух наперад.