Читать «ЖЫЦЬЦЁ РАЗЗБРОЕНАГА ЧАЛАВЕКА» онлайн - страница 127

Сергей Песецкий

Правальваюся ў сон, пільнуючы кабету, якая завіхаецца ў пакоі. Нарэшце яна залазіць у ложак і сапе побач са мною. «Цяпер можна спаць».

18

Назаўтра я выехаў зь Берасьця ў Варшаву. Але і тут быў нядоўга. У маім уяўленьні існавала такая Варшава, якую я бачыў у жніўні дваццатага году: засяроджаная, гатовая да змаганьня. Тады мундзір жаўнера быў сапраўдным ганаровым убраньнем. Здаровы, малады мужчына саромеўся ісьці па вуліцы ў цывільнай адзежы. Твары мінакоў былі блізкія, прыязныя. Усе прысьвячалі сябе тады справе абароны свабоды маладой дзяржавы.

Цяпер я ўбачыў гандлёвы горад, які жыве пад сьцягам бізнэсу. Зразумела, гэта нармальная справа. Але я адчуў расчараваньне. Як быццам разьвітаўся зь сябрам — шчырым ідэалістам — а пасьля спаткаў яго з афішаю на грудзях: «Усё прадаю! Усё купляю!» Усё… Пасьля двух дзён у Варшаве я паехаў у Лодзь. Пасяліўся ў вялікім гатэлі «Палёнія». Мне падалося, што ў гэтым фабрычным, зусім мне чужым горадзе я пачуваюся лепей. Але калі надыходзілі вечары, мяне агортвала прыгнечанасьць. Мучыла бессэнсоўнасьць жыцьця. Узрастаў ва мне бунт супраць лёсу. «Чаму мне даводзіцца жыць дарэмна? Чаму я бессэнсоўна вандрую па краіне, а не магу вандраваць па далёкіх шляхах сьвету, каб спазнаць яго? Чаму не магу здабываць рэчы, годныя здабыцьця і карысныя для іншых людзей? Чаму не магу аддаць свае сілы, энэргію, розум для нейкай добрай справы?»

Неўзабаве пасьля прыезду ў Лодзь я пазнаёміўся з Уладзіславам. Я самотна вячэраў у вялікай рэстарацыі гатэлю. Ён падышоў да майго століка, спытаў, ці можа да мяне падсесьці. Я падумаў, што ён прыежджы і нудзіцца адзін. Але неўзабаве зразумеў, што ведае Лодзь дасканала — ад сутарэньняў да гарышчаў. У гэтым напамінае мне Кольку, які ведае добра Вільню. Але іх характары зусім не падобныя. Колька амбітны, цьвёрды, сьмелы. Сваё жыцьцё гульца трактуе як прыкрую неабходнасьць і як змаганьне зь іншымі акуламі. Затое пакліканьне Уладзіслава — быць грамадзкім паразытам. Наогул ня мае амбіцый і ўсю сваю энэргію скіроўвае на тое, каб нічога не рабіць. Я прапанаваў яму разам павячэраць. Ён ахвотна прыняў запрашэньне і пачаў мяне бавіць размоваю. Але я адчуў, што старанна дасьледуе: з кім маю дачыненьне, што мяне цікавіць, чаго я хачу? Я таксама намагаўся яго расшыфраваць, але было гэта залішне, бо ён сам хутка сябе праявіў. Трохі раздражняў мяне яго выгляд: выпеставаныя мяккія далоні, хвалістыя валасы, прыгожы твар і вочы. Ён рабіў уражаньне кабеты, пераапранутай у мужчыну.

У той вечар Уладзіслаў пазнаёміў мяне зь Янкаю, вучаніцай балетнай школы. У дзяўчыны быў непрыгожы твар, але была добрая фігура, яна была дасьціпная, вясёлая. Калі яна размаўляла з Уладзіславам, я меў уражаньне, што размаўляюць дзьве сяброўкі. У пэўны момант ён зірнуў на гадзіньнік і схапіўся за галаву. Сказаў, што мае бегчы па важных справах. Адразу ж разьвітаўся і выйшаў. Я меркаваў, што ня мае ніякай важнай справы, але хоча пакінуць мяне сам-насам зь Янкаю. Таму я пачаў падступацца да дзяўчыны. Але яна рашуча спыніла мае памкненьні. Не загневалася, аднак, і неўзабаве мы размаўлялі сардэчна і прыязна. Дзяўчына ў дзяцінстве пазнала шмат злыбедаў. Цяпер яна была разумная, практычная і імкнулася стварыць сабе добрую будучыню.