Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 27

Сергей Песецкий

Вярнуўся дадому каля трэцяй, пракраўся ў сад, прачыніў незамкнутае на засаўку акно і ўлез у залю. Ціхенька разьдзеўся і паклаўся спаць, бласлаўляючы ў душы Ніну Андрэеўну і палітрука Савеню за тое, што тут так добра і бясьпечна пачуваешся.

Менск, 10 траўня 1923 г.

Учора па дзяжурстве вярнуўся дадому і паклаўся спаць, а ўвечары пайшоў у кірунку кватэры Брагіных. Акуляры зьняў, бо яны надта зьмянялі мой выгляд. Ніколі я так не нэрваваўся, як тады — ад думкі, што неўзабаве ўбачу Лізку. Аднак ў вокнах кватэры Брагіных было цёмна, а на дзьвярах вісеў замок. Затое ў кватэры Жарскай гарэла сьвятло. Ускараскаўшыся на парапэт, я зазірнуў у акно. Убачыў бабульку, якая сядзела за сталом. На вачах у яе былі акуляры, яна чытала нейкую кніжку. Пэўна, малілася. Пасьля, зацеміўшы сьвятло ў маім ранейшым пакойчыку, я пералез у сад і падсунуў да акна вялікую скрыню, што ляжала побач з ганкам. Я падумаў, што мой пакой камусьці здалі. Зазірнуў у акно і ўбачыў дзіўную карціну — брыдкую і камічную адначасова. Я ні аб чым падобным ня ведаў. Іншая рэч, калі хлопцы — у іх гэта часта бывае. Але дзяўчына!.. Юлька сядзела на ложку, задраўшы сукенку і кашулю на жывот і расставіўшы ногі. У гэтай позе яна мастурбавала перад люстрам, што стаяла ў яе ў нагах. Мне аж закарціла пастукаць у шыбу, але я гэтага не зрабіў. Я не разумеў, навошта яна гэта робіць. Я ж добра ведаю, што яна мае халодны тэмпэрамэнт. Мужчыну гэтым не ашукаеш. Можа, гэта распуста не пачуцьцёвая, а разумовая? Зрэшты, што мне да гэтага?

Паклаўшы скрыню на месца, я адышоў у глыб падворку. Выпаліў там папяросу і зайшоў у сенцы кватэры Жарскай. Пастукаў клямкай, бо дзьверы былі зачыненыя. З кватэры пачуўся Юльчын голас:

— Хто там?

— Я, — ледзьве не сказаў: Павел, але ў час успомніў, што тут мяне знаюць як Рамана.

Юлька крыкнула:

— Зараз, зараз. Пачакайце, калі ласка, трошкі.

Неўзабаве яна адчыніла дзьверы. Мы зайшлі ў вялікі пакой. Я павітаўся са спадарыняй Жарскай.

— Што ж гэта вас так доўга не было?

— У мяне было шмат працы. Цяпер пераехаў у Менск настала.

— І дзе вы будзеце жыць?

— Жыву ў пакоі ў калегі-тэхніка. Я там зарэгістраваўся. Але калі мой ранейшы пакойчык вольны, я яго найму. У калегі трохі зашумна, цяжка працаваць.

Спадарыня Жарская пагадзілася. Я пайшоў зь Юлькай у мой ранейшы пакой. Там усё было бязь зьменаў.

— Навошта тут люстра стаіць на ложку? — спытаў я Юльку.

— Так проста. Я паставіла на хвілінку.

Я паглядзеў на дзяўчыну. Яна была бледная. Цёмныя кругі пад вачыма. Толькі вусны былі зыркія. Я заўважыў, што яна папрыгажэла і стала менш легкадумная. Ужо не была са мной такая сьмелая, як даўней, хоць усяго колькі месяцаў мінула ад часу, калі яна была маёй каханкай.

— Што ў цябе новага?

— Нічога.

— А ў Брагіных?

— Соф’я з мужам ужо пераехалі. Здаецца, на Міхайлаўскай вуліцы жывуць.

— А Лізка?

— Лізка з маткай і бацькам тут жывуць.