Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 170

Сергей Песецкий

— Ну, ну, слухаем, — сказаў зацікаўлены Раман.

Клядзінскі з паважнай мінай, зьлёгку нахмурыўшы бровы, пачаў чытаць:

Таварышу Рэдактару знакамітай газэты Савецкага Саюзу «Правда»,

Апалонія Тазікава,

кваліфікаванага работніка разумовай працы ІІ катэгорыі

Данясеньне

Я ні камісар, ні селянін, ні салдат, ні рабочы. Я асёл рэвалюцыі — чыноўнік. Я здавальняюся жалюгодным існаваньнем — тым, ад чаго іншыя адракаюцца, — як асёл восьцямі.

І вось я хачу вам, шаноўны таварыш, выкласьці сваю крыўду і катэгарычна запытаць: ці можна бяз дай прычыны крыўдзіць такую карысную жывёлу, як асёл? Мне гэта баліць, і з гэтым я зьвяртаюся да сумленьня ўсіх камісараў, а таксама і пралетараў Савецкага Саюзу.

Жыцьцё беднага асла, шаноўны таварыш Рэдактар, апісаў Гогаль у «Шынялі». Я над ім плакаў. Жыцьцё асла апяваў Дастаеўскі ў «Бедных людзях». Я праліваў ручаі сьлёзаў, чытаючы гэта. І вось я хачу спытаць акурат пра тое, што дастаткова асьвятлілі яшчэ старарэжымныя пісьменьнікі.

Гэта значыць, зноў пра лёс асла. І чаму такая карысная для існаваньня дзяржавы жывёла, як асёл, ня мае ніякага прызнаньня і шанаваньня і, больш за тое, жыве ў поўнай галечы і прыніжэньні і зазнае пагардлівае абыходжаньне? І чаму няма савецкага Гогаля, які б выступіў у яе абарону і дабіўся б калі не прымальных варункаў жыцьця, то хоць бы мінімуму павагі да яго жывёльнай годнасьці?

Такім чынам, я вяду гаворку пра камісара нашай установы, чыё нават само прозьвішча, Ротшыльдаў, паказвае на схільнасьць да эксплюатацыі, калі не матэрыяльнай, то маральнай, кожнага беднага асла. Вось жа, гэты самы камісар 16 траўня г. г. а 14 гадз. загадаў мне ачысьціць пакой, разьмешчаны ад вуліцы, і пасяліцца ў перадпакой бо гэтае памяшканьне яму спатрэбілася пад кабінэт. А ў мяне нібыта і так будзе дастатковая «жылая прастора». Я згадзіўся па гэта, як тут не згадзіцца! Зрэшты, ён мяне пра згоду зусім не пытаў, хоць я жыву там 23 гады.

Таварыш Ротшыльдаў загадаў выбіць сьцяну і зрабіць дзьверы, якія злучаюць яго кватэру з тым пакоем. Такім чынам ён меў ужо 6 пакояў і кухню. Я б і не наракаў зусім, жывучы ў перадпакоі, але разглядаю пражываньне там, з гігіенічных прычынаў, за нездаровае, бо ў перадпакой выходзіць акно з супольнай прыбіральні, зь якой карыстаецца цэлы паверх нашага дому. А ў акне ўсе шыбы павыбіваныя, таму мне даводзіцца беспадстаўна труціць свой арганізм, патрэбны для выкананьня адказнай дзяржаўнай працы пры перапісваньні адпаведных дакументаў.

Пазьней грамадзянская жонка тав. Ротшыльдава Настасься пачала паслугоўвацца маім пакоем, каб выходзіць на калідор, да ракавіны і ў прыбіральню, бо так было бліжэй. Тады я скіраваў пратэст супраць такіх практык гэтай Настасьсі тав. Ротшыльдаву. А ён катэгарычна заявіў, што зьдзіўлены, бо гэта толькі прыносіць мне гонар. А потым і сам Ротшыльдаў, і іх служанка Марфа пачалі рэгулярна хадзіць праз мой перадпакой, тым самым ператварыўшы яго ў калідор. Марфа хадзіла там нават падчас майго сну, і я ня меў належнага адпачынку. А жонка гэтага камісара, Настасься, хадзіла ўжо нават у адной, досыць чыстай, але бялізьне, да ракавіны. Я нічога ня меў супраць бялізны, бо яна жанчына досыць прыгожая і гладкая, але мяне прыгнятала непавага.

Ратуючы сваё фізычнае здароўе, я пазаклейваў вокны прыбіральні паперай. Аднак Настасься, не зважаючы на мой рашучы пратэст, парвала паперу — бо ёй цёмна, а прыбіральня брудная. Тады я ў апошні раз зьвярнуўся да тав. Ротшыльдава і сказаў па-людзку так: «Таварыш камісар! Такое абыходжаньне са мной з боку вашай шаноўнай сям’і я разглядаю за падрыў камуністычнай плятформы і за ўціск пралетарыяту разумовай працы. І прашу альбо ласкава дазволіць мне заклеіць вокны прыбіральні паперай, альбо я складу на гэта адпаведную скаргу ва ўстанову, якая клапоціцца пра здароўе і гігіену грамадзян нашага Саюзу!»

Пасьля гэтага Ротшыльдаў доўга глядзеў на мяне, а потым сказаў рашуча і нават зьдзекліва: «Перадусім, я таварыш для сябе і для сваіх! Гэта раз. Далей, папрашу вас супакоіцца назаўжды, бо іначай я выкіну вас і зь перадпакою, і ўвогуле са сьвету зьвяду, бо вы паразыт і буржуй яшчэ старарэжымны. І вы яўна сьпявалі „Божа, цара храні“». Сказаўшы гэта, ён плюнуў — праўда, не на мяне, а на ложак — і пайшоў.

Прызнаюся, дарагі таварыш Рэдактар, што я сапраўды сьпяваў «Божа, цара храні!» Але як жа я мог не сьпяваць, калі ўсе сьпявалі? Я лічу гэта толькі даўняй страшнай маёй віной. Але застаецца навідавоку факт, што я амаль 6 гадоў працую для Савецкага Саюзу без адзінай арфаграфічнай памылкі і на ўсіх сходах вельмі гучна, хоць і ня ў ноту, сьпяваю «Інтэрнацыянал». І раблю гэта з задавальненьнем, і нават сам сабе гэтую мэлёдыю напяваю.

Усё вышэйзгаданае я разглядаю за сваю крыўду, пагатоў што Настасься, пасьля гэтай размовы, пачала ноччу выстаўляць у перадпакой строга інтымныя гаршкі, а Марфа, выносячы іх, залівала падлогу, а Ротшыльдаў наўмысна бразгатаў дзьвярыма, так што тынк ападаў на падлогу. Таму, шаноўны таварыш рэдактар нашай пралетарскай газэты «Правда», якая вядомая сваёй абаронай правоў прыгнечаных, нават і за межамі Саюзу, пакорліва прашу Вас напісаць пра ўсё гэта падрабязна на галоўным месцы Вашай шаноўнай газэты, каб тав. Ротшыльдаў вярнуў мне мой пакой, ці хаця б не хадзіў праз мой перадпакой. Калі і гэта немагчыма, то прашу напісаць, каб тав. Ротшыльдаў і Настасься з Марфай не выдзіралі паперу з акна прыбіральні, робячы немагчымым маё здаровае і карыснае для Саюзу існаваньне. А таксама не выстаўлялі ўначы са спальні ў перадпакой прадметы, неабходныя для асабістай гігіены.

І хоць цяпер я ўпаў з моста высокіх ідэалаў у балота прыкрай рэчаіснасьці, аднак я непахісна спадзяюся, што і асёл рэвалюцыі мае права, у імя прынцыпаў свабоды і роўнасьці грамадзян, рыкам паведаміць пралетарам, што яму без патрэбы і абсалютна незаслужана робяць вялікую крыўду.

З выразамі ўдзячнасьці і пашаны да таварыша Рэдактара і Яго Газэты, якая выступае ў абарону праўды, працы і чалавечай годнасьці,

Апалоній Тазікаў