Читать «БАГАМ НОЧЫ РОЎНЫЯ» онлайн - страница 168

Сергей Песецкий

— Што здарылася?

Усе спыніліся.

— Ён стрэліў сабе ў рот, — сказаў Кралевіч, паказваючы на Боліда, якога паклаў на зямлю.

Рысек паміраў. Чэрап быў прабіты, твар ацёклы. Не было часу марудзіць. Усе залеглі і пачалі абстрэльваць ланцуг. Там часам Кралевіч спаражняў кішэні Боліда і забраў у яго зброю. Потым сказаў са сьлязьмі:

— Што ж рабіць?.. Кінем яго… Ня ведаю, ці і мы выйдзем жывымі…

Харэўскі сказаў холадна:

— Не дык не! Ён зрабіў сваё! Ён ішоў на гэта! Ідзём далей!

Яны наблізіліся да ўзьлеску. Зноў кінулі некалькі гранат — толькі каб адпалохаць. А потым похапкам перайшлі на другі бок лесу. Паланеў сказаў:

— Падзелімся на дзьве групы. Разам горш. Могуць злавіць усіх. А так ня будуць ведаць, за кім гнацца. Разьдзеляць ланцуг.

Харэўскі сказаў:

— Я пайду адзін пасярэдзіне, проста да мяжы. Двое направа, двое налева. Сустрэнемся, хто дойдзе, у Ракаве. У Рубяжэвічы не ісьці. Удачы!

Не разьвітваючыся, сябры разышліся і амаль бегма рушылі далей. Раман ішоў з Кралевічам на паўднёвы ўсход, Харэўскі проста на захад, Клядзінскі і Паланеў на паўночны ўсход. Пагоня ўжо не насядала так, як раней. Сьпярша іх затрымаў знойдзены труп Боліда, а потым лясок, бо яны меркавалі, што там можа быць засада. Калі перасьледнікі ўрэшце выйшлі зь ляску ў поле, уцекачы былі далёка і набліжаліся да лясістай мясцовасьці. Пагоня рушыла за імі, захоўваючы толькі кірунак — да мяжы. Стрэлы зь вінтовак гучалі несупынна. Памежнай ахове давалі знак трывогі і паказвалі кірунак пагоні.

Калі Раман і Кралевіч дасягнулі лесу, Антон прапанаваў ісьці проста да мяжы. Раман не згадзіўся:

— Да сьвітаньня яшчэ 4 гадзіны. Мяжа павінна быць блізка. На ёй могуць вельмі густа расставіць варту. Відаць, паўсюль тэлефанавалі. Ідзём проста на поўдзень, а потым на захад.

Так і зрабілі. Амаль дзьве гадзіны яны ішлі, арыентуючыся паводле компасу, проста на поўдзень. Потым збочылі на захад. Ужо віднела, калі яны выбраліся на край памежнай прасекі. Убачылі здалёк два памежныя слупы. Калі яны наблізіліся да іх, грымнулі стрэлы зь вінтовак. У іх стралялі здалёк, з засады, зладжанай на памосьце на верхавіне дрэва, адтуль можна было назіраць вялікі адцінак прасекі. Яны перайшлі мяжу і зьніклі ў кустах на польскім баку. Там леглі на траву адпачыць. Паціснулі адзін аднаму рукі.

— Такая, браце, гісторыя, — сумна сказаў Кралевіч. — Не ўратавалі мы Кронэра, а яшчэ і Болід загінуў.

— Што зробіш! Але яны нас таксама запомняць. Так спачатку рваліся наперад, а потым астылі. Іх жа там было да халеры!

— Каб хоць нашы шчасьліва вярнуліся, — сказаў Антон.

— Вернуцца. А калі ня вернуцца, то таксама лёгка ім не дадуцца.

— Ведаеш, Харэўскі — сапраўды д’ябал: хацеў мёртваму ўжо Боліду нямецкую штурмавую гранату ў рот укласьці і чаку высмыкнуць. Я ня даў. Ён казаў: «Хай жывёлы адно тулава возьмуць!» Ведаеш, мне часам прыкра глядзець яму ў вочы, такі там холад. Дзіўны чалавек!

Раман доўга маўчаў, потым сказаў сур’ёзна:

— Ён жа зусім не чалавек.

Антон запытальна паглядзеў на яго. Раман сказаў:

— Ён бог!.. Бог ночы!

Кралевіч падумаў, што сябар трызьніць. «Відаць, ператаміўся».