Читать «Сірочы хлеб» онлайн - страница 21
Янка Брыль
Пані Мар’я ўзышла на прыгорачак перад школай, азірнулася, памахала рукой і пайшла. На сярэдзіне плошчы азірнулася зноў, зноў памахала. Данік уздрыгнуў — ледзь прыкметна і для самога сябе. Хлопцу здалося, што памахала яна толькі яму, апошні раз і — назаўсёды…
I раптам вочы Сівага пацяплелі ад слёз. Ды не, ён не заплача цяпер. Нягледзячы нават на тое, што ён — другі раз пасля арышту Міколы Кужалевіча — зноў адчуў, зноў зразумеў, як гэта цяжка, калі ты застаешся… Ну, не адзін… не сірата… А ўсё ж, як гэта цяжка і горка!..
11
У панскім садзе і старым, запушчаным парку заліваліся салаўі. Яшчэ, відаць, не снедаўшы і не сціхаючы ад самага змяркання. Сонца ўзышло, але праменні яго асвятлялі пакуль што толькі верхавіны ліп, у лісці якіх кахкалі галкі.
З белых зашклёных дзвярэй драўлянага дома на высокім каменным падмурку выйшаў заспаны пан Вільчыцкі.
— Чаго цябе бура прыгнала так рана? — незадаволена спытаўся ён у мужыка, які стаяў перад ганкам.
Марка Палуян, галынкаўскі солтыс, спачатку зняў шапку і прывітаўся:
— Дзень добры, паночку. Вельмі пшэпрашам, што я парушыў спакойсцвіе вашага сну. Я думаў пачакаць, ды ваша пакаёвачка…
Воддаль, пераходзячы ім дарогу, з-пад аборы на пашу ішоў панскі статак.
— А толькі ж пастуха вы, паночку, узялі!.. Ніхто вам, мусіць, не сказаў нічога?
— Кхэ! Брр! Пра каго — пра Мікіту? Ён у мяне пятнаццаць, пане, год пасе.
— Ды не Мікіта! Я пра таго, пра студэнта. Гэта ж у вас нашай Зосі, маёй суседкі, сынок падпаскам наняўся. Бачыце, вунь ідзе.
Яны ўжо стаялі, чакаючы, пакуль каровы пяройдуць дарогу. Злева, дзе канчалася чарада, відаць былі стары і хлапчук — Данік Малец.
— Гэта ж яго, паночку, і са школы выкінулі, як таго чарвяка з мяса. Камуны яму, бачыце, захацелася. Падбухторваў галечу ўсякую, абараначкі ім купляў. Дзядзька ягоны — той, што ў бальшавікоў, — дык спецыяльна на гэта грошы яму прысылаў. А потым яшчэ, паночку, хацеў такі парадак у школе зрабіць, каб на пераменках толькі па-нашаму гаварылі. А хто слова па-польску…
Стары Мікіта зняў сваю кепку, — такую пакамечаную і з дзіркамі, нібы яе пажавала карова, — і прывітаўся… Побач са старым Мікітам, трохі ззаду за ім, стаяў Данік. Таксама босы і з пугай. Палуян глядзеў, глядзеў на яго і не вытрымаў:
— А ты ж гэта чаму, шчанюк, шапку перад панам не скінеш, га?
Данік пастаяў хвілінку, а потым павярнуўся і пайшоў, нават пабег за каровамі.
Пан і солтыс засталіся на скрыжаванні ўдвух.
— А што, паночку, бачылі? — кіўнуў услед Даніку Палуян. — I шапкі скінуць не хоча! Ад зямлі яшчэ не адрос, а ўжо, глядзіце, бальшавік!..
12
Як толькі статак выйшаў за апошнія дрэвы двара і пачаў разбрыдацца па пашы, стары Мікіта спыніўся і палез рукою за пазуху. Дастаўшы з-за пазухі жалейку, ён прылажыў яе да губ, узняў трохі твар насупраць сонцу і зайграў. Над зялёным прасторам, над Данікам, які прысеў перад старым, над статкамі — гэй, далёка! — над палямі паплыла, палілася журботная песня…
Жніўны напеў змяняецца вясельным. Потым чуваць ці то птушыны шчэбет-перасвіст, ці то веснавое бульканне ручаін. Бойка трапечацца гуллівы танец. Зноў журба… Эх, і чаго ж ён толькі не ўмее, дзядуля Мікіта!.. Чаго толькі не можа сказаць яго старая жалейка!..