Читать «Сірочы хлеб» онлайн - страница 19

Янка Брыль

— Вазьмі, Данік. Гэта — табе. Чытаць будзеш дома. I лепш не паказвай нікому. Добра?

Сівы многа чытаў, і ён ужо ведаў, што тут трэба было б зрабіць… Не, не таму, што ведаў, а проста вельмі хацелася схіліцца над яе рукой, хоць дакрануцца да гэтай белай, маленькай рукі губамі. Ды ён жа не рабіў так ніколі, нават маме сваёй… Як жа ты тут асмелішся цяпер?..

— Дзенькуе, — шапнуў ён, апусціўшы вочы.

— Добра, хлопчык. Чытай, вучыся. Ты, Данік, пойдзеш далёка…

Яна памаўчала зноў.

— Ну што ж? — спыталася. — Ты вось, відаць, любіш мяне, вашу кіроўнічыху?.. Не чырваней, — я ведаю, што вы мяне так называеце. Ты вось прыйшоў, і я вельмі рада. Ну, а чаму не прыйшлі ўсе? Чаму ты ўсіх не прывёў?

— Яны ў сенях… I на двары.

— На двары! Ах жулік, і маўчыш?! Пакліч іх!

Данік адчыніў дзверы, выйшаў у сені, паклікаў. I вось яны, чацверакласнікі, пасыпаліся ў хату, як тая бульба з развязанага мяшка: «дзень добры! дзень добры! дзень добры!» — пяць, дзесяць, дваццаць разоў…

— Ах вы, разбойнікі! Ну, чаго ж вы стаялі там? А як павырасталі, а-ёй!..

Дзяўчаты акружылі ложак настаўніцы. Эх, падлізы! Цяпер — дык «проша пані! проша пані!», а адразу?.. Данік апынуўся ў іх чарадзе, — хлопцы стаялі, вядома, далей, — і толькі прыціскаў пад пахай сваю кнігу… Лепш за ўсё — зараз жа схаваць яе ў торбу…

10

Рабенькі Янка Цівунок, якога за кірпаты нос празвалі Лычыкам, стаіць каля стала, спінаю да акна, і, як заведзены, расказвае вызубраны ўрок па гісторыі Польшчы.

Сакавіцкае сонца свеціць Янку ў патыліцу, і Даніку відаць, як вушы Лычыка, нейкія круглыя і адтапыраныя, прасвечваюцца, нібы яны з ружовай паперы.

— …Калі туркі напалі на Аўстрыю, — гаворыць Янка, — аўстрыйскі цэсаж папрасіў польскага круля Яна Трэцяга Сабескага: «Прыйдзі і выратуй нашу Аўстрыю». Храбры круль Ян Трэці Сабескі сабраў сваё гераічнае войска і 12 верасня 1683 года пад Венай, сталіцай Аўстрыі…

— Досць! Досць, матолак! — перабівае яго панна Рузя. Яна не стаіць каля печы, а ходзіць па класе, залажыўшы назад рукі. — Што я казала табе? Не тарахці, як папугай, а гавары сваімі словамі. Ну!

— Храбры круль Ян Трэці Сабескі сабраў сваё гераічнае войска і 12 верасня…

— Матка боская! — зноў спыняе яго панна Рузя. — Ну, сабраў, ну, прыйшоў, ну, разбіў!.. Конь ты божы! Ды гавары ты, нарэшце, сваімі словамі!

Янка маўчыць, толькі вушы яго ружавеюць яшчэ больш. Запалку, здаецца, падсунь — успыхне.

— Далей! — загадвае яму панна Рузя. — Расказвай, ці спадабалася гэта аўстрыйскаму цэсажу?

— Аўстрыйскаму цэсажу гэта не спадабалася, — гаворыць Янка ўжо «сваімі словамі». Потым раптам хлопец збіваецца з польскай на беларускую мову: — і тады ён… Тады…

— Досць! — зноў перабівае яго настаўніца. — «I тады ён… Тады…» — крывіць яна. — Што за «тады» і што за «ён»? Што ён зрабіў, сустракаючы Яна Сабескага, і што зрабіў Ян Сабескі? Па-польску гавары!

Янка маўчыць. Ён апусціў галаву і, здаецца, занаравіўся зусім. Ну, хоць бы вочы ўзняў! Тады заўважыў бы, як Данік Малец, стараючыся, каб не прыкмеціла настаўніца, паказвае яму, што зрабіў Ян Сабескі. Раз, другі раз, трэці раз паказаў… і вось, нарэшце, Лычык цікнуў на клас спадылба і здагадаўся.