Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 38
Віктар Карамазаў
Паставіў у раму тых, хто ў сэрцы, з сэрца — у раму. І шмат, і мала — у сэрцы болей. Як усіх ды ўсё зьмесьціш? Абагульняць? У зорцы бачыць неба зорак? Ну, так. Дзядзька Антось — не сам жа па сабе? Колькі гэтакіх зухаў перапісаў пляменьнік у свае блакноты, на кардонкі, фанеркі? Заканапаціць у раму, як паўнамоцнага пасла вясёлых мужыкоў, даўно задумаў: чырвоная кашуля, нібы агонь, каўнерык белы, твар — бронза, як у пінскіх цётак, рашуча сьцятыя цяжкія, перад песьняй, вусны, нос — рубільнік, нібы ў вялізнай птушкі, кепка блінам — казырок на вочы, з-пад кепкі на патыліцы сівоцьце — мацёры певень. І кадык мацёры. А вочы — блакіт празрысты, нявінны. О, гэтая нявіннасьць! Вечны гуляка ды задзіра. Кроў закіпіць — кашулю, хоць і новую, ля каўняра — у кулачча, рукі — уразьлёт, з адной кашулі — адразу дзьве, распалавініць, каб не няволіла душы і цела, каб сэрцу і рукам прастору даць для радасных абдымкаў ды і для бойкі за праўду-матку. А жонцы — шытво ды сьлёзы. Гэтакі тып — свой усяму Палесьсю.
Ды і Кацёра — дзе яе няма? У кожнай вёсцы: скупая радасьць і нескупыя сьлёзы.
А цёткі пінскія? Хіба ня ўсюды і яны, дзе трэба апошняе аддаць?
Карціна была напісаная. Сядзеў перад ёю і то глядзеў, то не глядзеў нікуды, заплюшчыўшы вочы. То бачыў палатно, а то — жывы абшар за вёскай: рэчку, ляскі — Высокае, Раўкі, Дамаху, Гарадзішча, за імі — Татарскі брод, дзе яшчэ продкі продкаў то ад татараў хаваліся, то войска супраць іх зьбіралі.
Устаў з крэсла, узяў палітру, на пэндзаль накруціў фарбачку, зьняў карціну з мальберта, з другога боку прыклаўся пэндзлем да палатна і вывеў два слоўкі:
«Маё Палесьсе».
Вецер з-за Прыпяці гнаў хвалі адну за адной. Дзьмуў ня моцны, нават слабы, тварам ня чуўся, а хвалі падымаў, кідаў у бераг.
У тым месцы, дзе стаяў мастак, бераг ляжаў пясчаны — пясок буйны, жвірысты. Пад вадою прыберагам нібы насыпана адшліфаванага каменьня — галышоў. І сонца, не патрывожанае ніводнай аблачынаю, стаяла ў паўдзённым блакіце, праменьнямі гуляла з галышамі, высьвечвала з іх то бялюткія, то шэрыя, то чырвоныя, а то і паласатыя, як піражкі слаёныя.
Стаяў па-над вадою, не заўважаючы, як дробныя хвалі цалуюць чаравікі, углядаўся ў гульню сонечных плямкаў пад вадою, па галышах, якія варушыліся, вадою ды сонцам перасоўваліся з месца на месца, драбнейшыя зганяліся ў плынь, зьнікалі, прыплывалі новыя, з іх выбудоўваліся новыя ды новыя малюнкі, фігуры. Нябачная рука зьбірала па колерах, памерах, адметных метах, якія меў кожны галышок.
Каменьчыкі былі нетрамі Палесься, драбінкамі ці вапняку, ці граніту, і Гаўрыла, як неаднойчы, думаў пра тое, што гэта — ня пыл зямны, а найпрыгожы ды найтрывалы матэрыял, сам жэмчуг для мясцовае мазаікі. Прырода гэта ведала, а чалавек, хоць ласы на дармавіну, падняць жэмчуг з зямлі, з рачнога дна, ленаваўся. Галышам радаваліся вада ды сонца.