Читать «Чырвоная брама» онлайн - страница 37
Віктар Карамазаў
Лета — з алоўкам, з фарбамi. Пiсаў прыроду i людзей. Там i там шукаў i вылучаў характарнае, акцэнты i дэталi цэлага, драбiнкi вобразаў i тыпы — адна плынь.
Вось натура: белы квадрат палатна i перад iм белы, як палатно, мастак. Што памiж iх i далей? Цiша? Пустэча? Ах — думкi? Пачуцьцi? Прадчуваньнi паядынку Дон-Кiхота з ветраком?
Пляма чырвонай бронзы — восень на Палесьсi.
Пляма блакiту ў небе — успамiн лета.
Пасак сiнi — рака.
Плямкi сьвятла — буслы зьбiраюць вырай.
Дзе барвы з золатам хаваліся ў блакіце і блакіт шыўся ў барвы ды золата, сыходзіліся ў роздуме зямля і неба. Кропка сыходу завысака? А калі зямны рай ставіць на папа, каб як найбольш зямлю ўбачыць? Там — сыход, а тут — пярэдні край і мама. Першы дотык пэндзлем да палатна — мама. І каб не сумавала — цётка Кацёра побач. Як ім бяз дзядзькі Антося? І Антося — сюды. Кацёры як бяз брата ў лесавым плашчы, як вёсцы без лесьніка? І ён тут са сваім вечным рухавіком — веласіпедам. Сябра са школы Мікола Пугач — калгасны брыгадзір? Як без начальства? На баку, цераз плячо, афіцэрская сумка, а ў сумцы што? Не працадні — падман даўно падманутым. Такім, як цёткі з Пінску — яны і тут, хадзякі. У белых хусьцінках, фартушках, а твары, рукі не адмыеш ад вечнай бронзы — колеру сялянскай, пад лютым сонцам, працы. І яшчэ паляшучкі не чыкалавіцкія, з вандровак па Прыпяці, паілі малаком бадзягаў-мастакоў — як не аддзячыць? Прыбегла Пальма — на сваім рабочым месцы ў нагах. Сюды б яшчэ і Машку, ды Машка за ракой — на заднім плане. Яшчэ б — Красуню?..